Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актрысу, якая грала ў фільме «Янка Купала», аштрафавалі за нядзельны марш


Кадр з фільму «Янка Купала». Рэжысэр: Уладзімер Янкоўскі.

У Менску і іншых гарадах Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», Акторку Алену Гіранок пакаралі штраф у 30 базавых велічынь паводле артыкулу 23.34 КаАП, гэта 810 рублёў.

Яе затрымалі 29 лістапада на нядзельным маршы ў Менску. Рашэньне прыняў суд Першамайскага раёну.

Віны ў судзе яна не прызнала. У Алены ёсьць непаўналетняе дзіця, таму яе не арыштавалі.

Раней акторку затрымлівалі 26 кастрычніка. Тады яе пабілі пры затрыманьні, пра што яна расказала Tut.by:

«На праходзе тварам уніз ляжаў чалавек і задыхаўся. Я запатрабавала, каб яго паднялі. А амапаўцы хацелі, каб я прайшла па гэтым чалавеку. Я адмовілася гэта рабіць і сказала, што нікуды не паеду, пакуль яны не падымуць гэтага чалавека. «Ты мне ня будзеш дыктаваць умовы, тут я іх дыктую», – адказаў тады амапавец. Я ўжо не магла спыніцца і сказала, што нікуды не паеду».

Пасьля гэтага яе пасадзілі сілай, і амапавец пачаў біць яе па галаве.

Алена Гіранок нарадзілася ў 1986 годзе. У 2008-м скончыла акцёрскі факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

З 2011 года прынятая ў трупу Тэатра-студыі кінаактора. Актыўна здымаецца ў кіно.

Адна зь яе апошніх прац – роля Ўладзіславы, жонкі Янкі Купалы, у аднайменным фільме Ўладзімера Янкоўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG