Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перападлік галасоў у Вісконсыне пацьвердзіў перамогу Байдэна. Трамп выдаткаваў на гэта $ 3 млн


Джо Байдэн

Дэмакрат Джо Байдэн атрымаў у Вісконсыне 87 галасоў электараў у выніку частковага перападліку выбарчых бюлетэняў, які завяршыўся ў нядзелю, перадае Голас Амэрыкі.

Гэта замацавала перамогу, здабытую Байдэнам у тым штаце над прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Агульная перавага склала 20 тысяч галасоў.

За перападлік галасоў у двух рэгіёнах штату, дзе дэмакраты маюць найбольшы ўплыў — у найбуйнейшым горадзе Вісконсыну Мілуокі і ў сталіцы штату Мэдысане, — выбарчы штаб Трампа заплаціў 3 мільёны даляраў.

Вісконсын стаў апошнім штатам, у якім Трамп імкнуўся і ня змог з дапамогай перападліку галасоў скасаваць вынікі галасаваньня 3 лістапада або выйграць судовыя працэсы, каб даказаць фальсыфікацыі пры падліку галасоў.

У калегіі электараў Байдэн мае неафіцыйную перавагу: у яго 306 галасоў, у Трампа 232. Галасаваньне калегіі электараў адбудзецца 14 сьнежня.

Байдэн наперадзе і паводле вынікаў агульнанацыянальнага галасаваньня: яго перавага складае больш за шэсьць мільёнаў галасоў.

Раней Байдэн назваў імёны сваіх першых кандыдатаў на пасады ў кабінэце міністраў, а на гэтым тыдні ён плянуе аб’явіць імёны ключавых афіцыйных асобаў у галіне эканомікі.

Трамп заяўляў, што пакіне Белы дом пасьля заканчэньня тэрміну яго паўнамоцтваў, калі на карысьць Байдэна завершыцца галасаваньне калегіі электараў. Пры гэтым дзейны прэзыдэнт пакуль не прызнаў вынікі выбараў, а яго выбарчы штаб прайграў больш за 30 судовых працэсаў, у якіх аспрэчваў вынік выбараў у ключавых штатах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG