Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі сабраліся на традыцыйную талаку. Але туды прыехалі бусы зь сілавікамі


Месца былога лягеру Шталаг. Фота з сайту https://34mag.net/
Месца былога лягеру Шталаг. Фота з сайту https://34mag.net/

Сёньня ў Менску валянтэры хацелі правесьці талаку на тэрыторыі былога Шталагу-352, у Масюкоўшчыне, дзе цяпер месьціцца былы вайсковы гарадок з жылымі дамамі.

Тут у гады Другой сусьветнай вайны знаходзіўся адзін з самых вялікіх лягераў для ваеннапалонных, створаны немцамі ў 1941-м годзе.

«Рэч у тым, што на гэты кавалак зямлі, дзе на добры розум павінен паўстаць музэй памяці ахвярам гэтага лягеру, бо тут загінула пакутніцкай сьмерцю людзей болей, чым у Бухэнвальдзе, увесь час прэтэндуюць камэрцыйныя забудоўнікі. Яны ўсяляк спрабуюць падпаліць і зьнішчыць тыя аўтэнтычныя будынкі, якія засталіся ад лягера, дзеля гэтага падсылаюць сюды асацыяльных тыпаў, якія сьмецяць на тэрыторыі, сьцягваюць старыя шыны на гістарычныя будынкі і час ад часу падпальваюць іх. Мясцовыя валянтэры намагаюцца ўсяляк перашкодзіць гэтаму: ладзяць дзяжурствы, пісалі заявы ў райвыканкам, міліцыю і ЖЭС (менавіта ў ЖЭСе гістарычныя будынкі знаходзяцца на балянсе). Неабыякавыя да памяці ахвяр нацызму людзі прыбіраюць тэрыторыю ад сьмецьця, зьбіраюць раскіданыя косткі закатаваных палонных», — апісвае сытуацыю жыхарка Менску Ірына Клімковіч.

Дарагія мае, нас усё больш і больш ахоплівае нейкі незразумелы маразм. Сёння ў сталічнай Масюкоўшчыне мелі сабрацца...

Posted by Ірына Клімковіч on Saturday, November 28, 2020

Яна расказвае, што вайскоўцы з пошукавага батальёну, якія вялі раскопкі экскаватарам, не давялі працу да ладу, і валянтэры назьбіралі ўжо некалькі мяхоў парэшткаў ды перадалі іх у ваенкамат.

Дзеля таго, каб навесьці парадак, у суботу і меліся сабрацца на талаку. Абвестка пра гэта была ў сацыяльных сетках. Але «ціхары ў адмысловай вопратцы», якія загадзя прыехалі на бусах, патрулявалі тэрыторыю і сарвалі талаку.

«Ня ведаю, чаго так пужаюцца ўлады, мо, яны ня ведаюць сэнс слова „талака“ і ўспрынялі сёньняшні збор, як несанкцыянаваную акцыю, ці проста ў іх стаіць задача ня даць нам згуртавацца і аб’яднацца — няважна, зь якой мэтай. Але, пагадзіцеся, што гэта маразм — з-за страху перад намі і нашай салідарнасьцю яны гатовыя забыць і напляваць нават на тыя каштоўнасьці, якімі ганарыліся яшчэ з савецкага часу, і пра якія цяпер самі лямантуюць „Беларусь памятае“», — недаўмявае Ірына Клімковіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG