Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь будучыні. Моц жаночай волі». Адкрылася віртуальная выстава аб падзеях пасьля 9 жніўня


Жаночы марш пратэсту. Менск, 24 кастрычніка.

«Выстава „Беларусь будучыні. Моц жаночай волі“ – гісторыя пра сілу чалавечнасьці, якая абуджаецца, калі хлусьня, гвалт ды несправядлівасьць не даюць людзям спакойна жыць. Гэта расповед пра мары людзей на лепшае жыцьцё ў сваёй краіне і пра жаданьне змагацца за гэта».

Віртуальная выстава «Беларусь будучыні. Моц жаночай волі» прысьвечана падзеям у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9-га жніўня 2020 году, калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, якія суправаджаліся сьмерцямі, жорсткімі затрыманьнямі і катаваньнем зьняволеных.

Аўтары пішуць пра свой праект:

«12 жніўня беларускія жанчыны плянавалі выйсьці на вуліцы Менску невялікай групай, каб выказаць падтрымку пацярпелым ды патрабаваць спыненьня гвалту. За адну толькі раніцу таго дня тэлеграм-канал „Жанчыны Беларусі“ сабраў больш за дзесяць тысячаў падпісантаў, і рух за свабоду хутка набраў абарот. На наступны дзень на менскіх вуліцах у „ланцугах салідарнасьці“ стаялі ўжо некалькі тысяч беларусак у белым адзеньні з кветкамі ў руках».

Дэманстрацыі і жаночыя маршы здымалі, сярод іншых, чатыры беларускія фатографкі: Надзея Бужан, Ірына Арахоўская, Вольга Шукайла і Дар’я Буракіна. Іх работы адлюстроўваюць разьвіцьцё пратэстаў, пачынаючы з затрыманьняў, «ланцугоў салідарнасьці», жаночых маршаў і сканчаючы сымбалічнымі жаночымі шпацырамі з кветкамі па горадзе.

Арганізатары выстаўкі пішуць пра сваё бачаньне тых падзей:

«Выстава „Беларусь будучыні. Моц жаночай волі“ – гісторыя пра сілу чалавечнасьці, якая абуджаецца, калі хлусьня, гвалт ды несправядлівасьць не даюць людзям спакойна жыць. Гэта расповед пра мары людзей на лепшае жыцьцё ў сваёй краіне і пра жаданьне змагацца за гэта».

Выстава створаная ў супрацы з незалежнай платформай SHKLO, якая папулярызуе працы беларускіх фотографаў.

Пабачыць галерэю можна ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG