Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане ня сталі абмяркоўваць зьмену статусу расейскай мовы


Канстытуцыйная нарада Кіргізстану адмовілася разглядаць пытаньне скасаваньня статусу расейскай мовы як афіцыйнай у краіне

Канстытуцыйная нарада Кіргізстану адмовілася разглядаць пытаньне скасаваньня статусу расейскай мовы як афіцыйнай у краіне. Пра гэта паведаміў чалец нарады Урмат Аманаліеў.

Паводле яго, прапанову прыбраць з Канстытуцыі норму, якая прадугледжвае афіцыйны статус для расейскай мовы, ён і яго калегі абмяркоўваць ня сталі.

Днём раней чалец Канстытуцыйнай нарады Садырдын Тараліеў прапанаваў прыбраць з Канстытуцыі норму аб афіцыйным статусе расейскай мовы. «Мы прызвычаіліся да расейскай мовы і сядзім зь ёю, як прывязаны сабака. Такога не павінна быць. Мы можам страціць сваю мову. Чалавек такі, што пакуль яго не абавяжаш, ён нічога ня будзе вучыць», — заявіў Тараліеў.

Садыр Джапараў, які прыпыніў свае паўнамоцтвы прэм’ер-міністра, бо зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты, напісаў у сацсетках, што расейская мова абавязкова павінна заставацца ў Кіргізстане афіцыйнай мовай.

Джапараў назваў прапанову Тараліева «цалкам няслушнай». «Расейская мова — адна з шасьці моваў, якія выкарыстоўваюцца на трыбуне ААН. Акрамя таго, гэта мова, якая абʼядноўвае народы і якой мы карыстаемся стагодзьдзямі. Ва ўзаемаадносінах і сувязях з эўразійскімі дзяржавамі без расейскай мовы немагчыма абысьціся», — лічыць Джапараў.

Цяпер у краіне за кіргіскай мовай замацаваны статус дзяржаўнай, а расейская выкарыстоўваецца ў якасьці афіцыйнай.

17 лістапада дэпутаты кіргіскага парлямэнту вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне праект новай Канстытуцыі, якая, сярод іншага, значна пашырае паўнамоцтвы і ролю прэзыдэнта. Заканадаўцы прапанавалі сумясьціць рэфэрэндум па новай Канстытуцыі з датэрміновымі прэзыдэнцкімі выбарамі, якія прызначаныя на 10 студзеня наступнага году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG