Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць за надпіс памяці забітага пратэстоўца Тарайкоўскага. Справы па факце сьмерці дагэтуль няма

абноўлена

Марыя Бабовіч, на заднім пляне — Максім Паўлюшчык

На пачатку суду абвінавачаныя былі ў клетцы і пад аховай 7 міліцыянтаў.


У Фрунзэнскім раённым судзе Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Ім прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 КК Беларусі.

Максім Паўлюшчык
Максім Паўлюшчык

Справу разглядае судзьдзя Юлія Блізнюк, дзяржабвінаваўца — Аліна Касьянчык (яна ўчора выступала бокам абвінавачваньня ў дачыненьні да падсуднага, які абразіў камандзіра АМАП Дзьмітрыя Балабу). У судзе сабралася больш за 20 чалавек, абвінавачаныя знаходзяцца ў клетцы пад вартай.

На судзе «Гаррэмаўтадар» памяняў патрабаваньні пазову і зьменшыў суму нанесенага шкоды да 211 рублёў. Спачатку ім прад’яўлялі шкоду больш як на 10 тысяч рублёў; потым, пасьля хадайніцтва абвінавачаных, зьменшылі да 7 тысяч 500 рублёў.

Надпіс «Не забудзем!» каля «Пушкінскай» станцыі, 15 жніўня 2020
Надпіс «Не забудзем!» каля «Пушкінскай» станцыі, 15 жніўня 2020

Адвакаты заявілі, што, у сувязі са зьмяненьнем сумы, не ўзьнікае крымінальнай адказнасьці паводле прадʼяўленых артыкулаў. Заяўлена хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня. На пачатку суду абвінавачаныя былі ў клетцы і пад аховай 7 міліцыянтаў.

Суд адхіліў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня, абвінавачаныя засталіся ў клетцы.

Марыя Бабовіч
Марыя Бабовіч

У верасьні дваіх менчукоў затрымалі пасьля таго, як яны спрабавалі аднавіць мэмарыял Аляксандру Тарайкоўскаму — надпіс на асфальце «Не забудзем». Цяпер ім інкрымінуюць па два артыкулы Крымінальнага кодэксу, за якія пагражае пакараньне да 10 гадоў зьняволеньня, паведамляе Tut.by.

Што вядома пра абвінавачаных

25-гадовая Марыя Бабовіч 9 верасьня напісала грунтоўкай на асфальце каля станцыі мэтро «Пушкінская» дзьве літары з фразы «Не забудзем».

Тады дзяўчыну затрымалі паводле 339-га артыкулу КК, за хуліганства. Празь некалькі дзён Марыю выпусьцілі, але пазьней зноў выклікалі ў міліцыю для паказаньняў, у пастанове яна ўбачыла іншы артыкул — 341-ы (Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці). Дзяўчына пры гэтым заставалася на волі. У пастанове было пазначана, што «псаваньне маёмасьці» нанесла матэрыяльны ўрон Гаррэмаўтадару Менгарвыканкаму на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі (звыш 377 базавых велічыняў).

За надпіс затрымалі і 42-гадовага Дзяніса Граханава, яго маці расказала, што 9 верасьня ўвечары ён быў адным з тых, хто аднаўляў фразу на мэмарыяле.

«Ён быў адзін, потым да яго падышлі два хлопцы, якія проста глядзелі. Калі на „Пушкінскую“ прыехалі сілавікі, сын адтуль зьехаў на ровары. А 10 верасьня прыйшлі дадому і забралі — вылічылі па камэрах. Суткі ён правёў у РУУС, потым у турме на Акрэсьціна. 13 верасьня яго выпусьцілі. Сказалі чакаць суду.

22 кастрычніка прыйшлі і сказалі прайсьці на размову са сьледчым — і ўсё, з канцамі. Спачатку сьледчы сказаў, што яго павінны перавесьці ў Жодзіна з Акрэсьціна, але цяпер наогул невядома, дзе ён», — расказала ягоная маці.

Справы па факце сьмерці Тарайкоўскага няма

Кветкі каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020
Кветкі каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020

Сьледчы камітэт 11 жніўня пачаў праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага і ў яе межах прызначыў судова-мэдычную экспэртызу. Паводле заканадаўства, яна можа трываць цягам трох месяцаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020 году. На ім зьнятая сьмерць падчас пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.

На запісе відаць, як ён падае і потым ляжыць бяз руху, а спэцназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

У Беларусі першым загінулым ад рук сілавікоў падчас пратэстаў стаў 34-гадовы жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце яго сьмерці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG