Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буэнас-Айрэсе разьвітваюцца з Дыега Марадонам


Разьвітаньне з Дыега Марадонам у палацы Каса Расада, Буэнас-Айрэс, Аргентына. 26 лістапада 2020 году
Разьвітаньне з Дыега Марадонам у палацы Каса Расада, Буэнас-Айрэс, Аргентына. 26 лістапада 2020 году

Тысячы людзей прыйшлі ў прэзыдэнцкі палац Каса Расада ў Буэнас-Айрэсе, каб разьвітацца з футбалістам Дыега Марадонам. У Аргентыне абвешчаная трохдзённая жалоба. Улады чакаюць, што на цырымонію разьвітаньня прыйдзе каля мільёна чалавек.

Легендарны футбаліст памёр напярэдадні ва ўзросьце 60 гадоў. Лекары называюць прычынай сьмерці сардэчны прыступ. Вядома, што на працягу доўгага часу спартовец меў праблемы з наркотыкамі і алькаголем.

Ля стадыёна футбольнага клюбу «Архентынас Хуніёрс», названага ў гонар Марадоны, прыхільнікі, заўзятары разьвесілі па сьценах фатаграфіі, плякаты. Пад імі — кветкі, сьвечкі, майкі з 10-м нумарам, пад якім выступаў Марадона.

Заўзятары прызналі Марадону найлепшым футбалістам дваццатага стагодзьдзя. За гады кар’еры Дыега Марадона, акрамя «Архентынас Хуніёрс», выступаў за аргентынскі клюб «Бока Хуніёрс», гішпанскія «Барсэлёну» і «Сэвільлю», італьянскі «Напалі». Аргентынскі нападнік выйграваў чэмпіянат і Кубак Італіі, Кубак Гішпаніі, Кубак UEFA, чэмпіянат сьвету 1986 году. Менавіта на гэтым чэмпіянаце ў Мэксыцы Марадона забіў у браму ангельцаў два свае самыя славутыя галы. Адзін зь іх — рукой, гэты гол ён потым назваў «рукой Бога». А другі — абыграўшы палову зборнай Ангельшчыны. І гэты мяч быў прызнаны найлепшым за ўсю гісторыю чэмпіянатаў сьвету. Яго называюць «голам стагодзьдзя».

Нападнік «Барсэлёны» і зборнай Аргентыны Ліянэль Мэсі назваў дзень сьмерці Марадоны «вельмі сумным днём для ўсіх аргентынцаў і для футболу». «Ён пакідае нас, але не сыходзіць, таму што Дыега вечны», — сказаў спартовец.

Матчы Лігі чэмпіёнаў напярэдадні пачыналіся з хвіліны маўчаньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG