Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма ў Літве: дом з кухняй і тэлевізарам, відэасувязь са сваякамі, школа і крама як бонус


Умовы ў сучаснай літоўскай турме

У якіх умовах адбываюць пакараньне асуджаныя ў суседняй Літве, якую афіцыйны Менск лічыць адной з галоўных завадатарак «антыбеларускай рэвалюцыі»? У чым прынцыповая розьніца пэнітэнцыярных сыстэмаў Захаду і Ўсходу? Свабода пагаварыла зь літоўскім вязьнем Антанасам, які адбывае 14-гадовае пакараньне за цяжкае злачынства.

За тры зь лішкам месяцы пасьлявыбарных баталіяў у Беларусі затрымалі больш як 30 тысяч чалавек, кожны дзясяты асуджаны паводле адміністрацыйных артыкулаў, сотні сталі фігурантамі крымінальных справаў, ёсьць пакалечаныя і забітыя.

Умовы ўтрыманьня ў турмах ды ізалятарах прыраўноўваюць да катаваньняў і самі вязьні, якія прайшлі праз зьдзекі і пабіцьцё, і праваабаронцы. Сілавікі і высокія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ратуюць краіну ад заходніх «лялькаводаў», якія маніпулююць сьвядомасьцю асобных беларусаў, а самі толькі і мараць, каб прысабечыць «ласы кавалак стабільнасьці». Суседзі на прэтэнзіі не зважаюць і кажуць пра неадэкватнасьць рэпрэсіяў.

Папраўчы дом у рамках палітыкі гуманізацыі

42-гадовы Антанас — вязень са стажам, асуджаны другі раз. Праз гарачае юнацтва не пасьпеў нават скончыць сярэднюю школу. Чарговая ходка — 14 гадоў за цяжкое злачынства, адседзеў ужо палову. Пагаварылі зь ім пра зэкаўскія рэаліі — ён мае доступ да інтэрнэту і тэлефоннай сувязі.

«У Літве ўжо няма падзелу на рэжымнасьць, — расказаў Свабодзе Антанас. — У свой час быў: агульны рэжым, узмоцнены, строгі. Але патрабаваньне Эўразьвязу — гуманізацыя пэнітэцыярнай сыстэмы. Скажам, раней у Марыямпалі была турма строгага рэжыму, цяпер вось папраўчы дом. Адзінае, дагэтуль першаходак трымалі ў асобным лягеры ў Правянішках, амаль санаторыі, а цяпер выпраўляюць туды, дзе ёсьць месца. Умоўна кажучы, хто скраў курыцу і хто забіў чалавека, сядзяць разам».

Адрозна ад Беларусі, дзе сёньня за краты можа трапіць практычна кожны, Літва пайшла іншым шляхам — максымальнай адмовы ад прымусовай ізаляцыі. Як вынік, летась закрылі славутую Лукіскую турму ў цэнтры Вільні, дзе перад сьмерцю адбывалі пакараньне многія паўстанцы 1863 году.

Былая турма Лукішкі
Былая турма Лукішкі

Аналягічны лёс чакаў і іншую вязьніцу для апанэнтаў царскага рэжыму, якую напярэдадні ўрачыстага перапахаваньня парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў пераабсталявалі ў музэй памяці герояў антырасейскага супраціву.

«Пасьля закрыцьця Лукішак і старой турмы на вуліцы Касьцюшкі кантынгент крыху ўшчыльнілі, але ненашмат, — працягвае Антанас. — Зноў жа, на патрабаваньне Эўразьвязу пачалі выпускаць тых, хто не нясе небясьпекі грамадзтву. Тых, што адбылі ¾ тэрміну, таксама стараюцца не трымаць. Таму за тую ж курыцу наўрад ці пасадзяць. Хіба будзеш красьці зноў і зноў, дык на дваццаты раз, мабыць, возьмуць. Але агульны трэнд такі: за дробнае хуліганства — адміністрацыйнае пакараньне, гэтага дастаткова».

Камэра ў лукіскай турме, архіўнае фота
Камэра ў лукіскай турме, архіўнае фота

Паводле суразмоўцы, у Літве пападаньне ў няволю не азначае інфармацыйнага вакууму. Тычыцца гэта ў тым ліку асуджаных пажыцьцёва, якія праз інтэрнэт могуць сачыць за зьменамі ў заканадаўстве і апэратыўна падаваць апэляцыю на прысуд.

«Напрыклад, у Шаўлях сядзіць мой сябра, „пажыцьцёвік“. Штодня ходзіць у бібліятэку, карыстаецца кампутарам, вывучае папраўкі ў Крымінальны, Працэсуальны кодэксы. І дыстанцыйна можа падаць у суд любую заяву ці апэляцыю. Усё з дазволу адміністрацыі. Зразумела, інтэрнэт у камэры фармальна не дазволены, але купіць тэлефон і мець спадарожныя выгоды не злачынства. У наш час пазбавіць чалавека доступу да тэхналёгіяў амаль немагчыма», — адзначае ён.

Да рэформы пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Літве налічвалася звыш 10 000 зьняволеных. Цяпер іх 6 500, але кіраўніцтва краіны лічыць, што гэтая лічба па-ранейшаму значная і мае патрэбу ў зьніжэньні.

Беларусь уваходзіць у тройку эўрапейскіх «лідэраў» у колькасьці арыштантаў — 343 асуджаныя на 100 000 чалавек. Амаль такая ж доля ў Расеі (354) і Турэччыне (344). І, несумненна, Беларусь першая ў прыросьце пакараных за грамадзянскую пазыцыю: звыш 1000 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў штабоў прэтэндэнтаў на кандыдата і ўдзельнікаў мірных акцый. Больш за 120 чалавек праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Варыянт адседкі ў фармаце «турэмны люкс»

Антанас за прыкладныя паводзіны пераведзены ў «лёгкую» групу зьняволеных, побыт якіх максымальна аблегчаны. Тычыцца гэта як кантактаў з блізкімі, так і перасоўваньня па тэрыторыі папраўчага дому. Злоснае парушэньне рэжыму пагражае пераводам у меней прывілеяваную «простую» групу, але і гэта не нагода для адчаю.

«Скажам, у „простай“ групе таксама дазволеныя відэазванкі са сваякамі: загадзя запісваесься і кожны тыдзень размаўляеш праз скайп, — расказвае вязень. — Плюс двойчы на тыдзень можаш званіць з тэлефона-аўтамата. А паколькі я „легкавік“, дык у гэтым практычна неабмежаваны — тройчы на дзень, столькі нават і ня трэба. Ужо не кажу пра лісты — пішы хоць не спыняючыся, без аніякай цэнзуры».

Зьмест напісанага нікога ў адміністрацыі не цікавіць, але пры гэтым правяраюць канвэрт на прадмет наркатычных рэчываў — абавязкова ў прысутнасьці атрымальніка.

«Пры табе канвэрт адкрываюць, пераконваюцца, што нічога забароненага няма, і аддаюць у рукі, — тлумачыць зьняволены папраўчага дому. — Звычайная перасьцярога, каб не прысылалі наркотыкі, бо цяпер шмат хіміі, яна можа быць у самых розных варыянтах. Таму забаранілі бандэролі, бо напырскаюць усякага, лізнуў — і ўжо пад кайфам».

У такіх камэрах сёньня сядзяць літоўскія вязьні
У такіх камэрах сёньня сядзяць літоўскія вязьні

Раз на два месяцы дазволеныя спатканьні з сваякамі, пры гэтым тэрмін скарочаны — содні замест ранейшых трох. Ад канца кастрычніка на сустрэчы часовы мараторый — умяшаўся каранавірус. Дарэчы, прыём перадач з волі скасаваны як зьява: усё неабходнае можна купіць у таварна-прадуктовых кіёсках на тэрыторыі папраўчага дому.

«У мяне статус такі, што магу больш затаварвацца, ну і шырэйшы асартымэнт, — кажа Антанас. — У краме ўсё, што трэба для жыцьця: каўбасы, яйкі, мука, крупы, мёд, бульба, усялякая садавіна ды гародіна. Можна нават зрабіць замову — напрыклад, смажаную курыцу або катлеты па-хатняму. Прывязуць у вакуўме, застаецца толькі разагрэць у мікрахвалёўцы ці ў духоўцы».

Як расказвае суразмоўца, ад нядаўняга часу ў Марыямпалі цесныя камэры замянілі на модульныя дамкі — гэткі фазэндавы варыянт адседкі для добранадзейных.

«Цяпер гэта, скажам так, не барак, а асобныя жылыя „модулі“, — удакладняе ён. — Агулам прыкладна 20 квадратных мэтраў, мы тут жывём учатырох. У кожнага свой тэлевізар, навушнікі ўваткнуў — глядзіш кіно або навіны, каб іншым не перашкаджаць. Таксама можна выпісваць газэты — даставяць фактычна ўсё, што друкуецца. Я найперш кажу пра нашу лёгкую групу, у астатніх умовы крыху горшыя, хоць не скажу, што нашмат».

Модульныя дамкі замест баракаў
Модульныя дамкі замест баракаў

Асобныя мэню для вэганаў і мясаедаў

Антанас родам з Салечнікаў, гэта памежжа зь Беларусьсю. У суседняй краіне шмат сваякоў, таму за іх вельмі перажывае. Кажа, што беларуская тэма — сярод галоўных у навіновых сюжэтах і газэтных артыкулах.
«Беларусь штодня бачым у навінах — і ня толькі ў сувязі з гвалтам сілавікоў. Вялікія страхі перад атамнай станцыяй у Астраўцы — тут усур’ёз баяцца, што бабахне і зьнясе палову Літвы. Па шчырасьці, у асноўным клопат пра сваю бясьпеку, бо незразумела, як можна спыніць „мірны атам“. Ня кажучы пра тое, чым рэальна дапамагчы ў сытуацыі, калі беспрычынна затрымліваюць, б’юць. Хіба толькі маральна асудзіць. Што наш урад і так рэгулярна робіць».

На тэрыторыі папраўчага дому дзейнічае цэлая спадарожная інфраструктура. Сам Антанас праз актыўную і праблемную маладосьць пасьпеў скончыць усяго 6 клясаў, цяпер давучваецца ў няволі.

«Так, ёсьць школа — я цяпер у 11-й клясе. У 2014-м сеў, праз год пайшоў вучыцца, неўзабаве „выпускны“. Ёсьць прафэсійна-тэхнічная вучэльня, таксама атрымліваю навыкі працы з мэталам, акрамя таго, працую ў цэху мэталаапрацоўкі. Плацяць няшмат — крыху больш за 1 эўра за гадзіну. Вылічваюць у фонд зьняволеных, на выплаты па пазовах, чыстымі атрымліваецца дзесьці пад 70 эўраў. Якраз каб закупіцца ў кіёску, бо перадачак няма. Сваякі таксама могуць пералічыць грошы на рахунак, а я ўжо сам куплю, што мне неабходна».

З голаду ў літоўскай турме памерці не дадуць, усьміхаецца Антанас. Мала таго, улічваюцца гастранамічныя адметнасьці кожнага зьняволенага — напрыклад, калі той вэгетарыянец.

«Ня ўсе ж мясаеды, ёсьць вэганы, вэгетары, таму кожнаму гатуюць асобна, — расказвае ён пра ўнутраную кухню літоўскай турмы. — Празь дзень даюць тварог, кожныя тры дні сасіскі, а таксама катлеты, гуляш, каўбасу, сыр, малако, кефір — мэню разнастайнае. Таму ніхто не галодны, хутчэй наадварот, не пасьпяваеш траціць калёрыі».

Палітычных няма як зьявы

Жыцьцю і асабістай бясьпецы «пастаяльцаў» папраўчага дома ў Марыямпалі нічога не пагражае. «Дзедаўшчына» як такая адсутнічае, ахоўнікам перавышэньне ўлады будзе каштаваць мінімум пасады.
«Мабыць, у нейкіх выпадках ужываньне сілы пэрсаналам і прапісанае, але я сяджу даволі доўга і нічога падобнага ня бачыў. Тое ж тычыцца і карцару: трэба вельмі захацець туды трапіць. І гэта ня столькі пакараньне, колькі магчымасьць пабыць сам-насам з сабою: хтосьці з кімсьці пасварыўся і зачыніўся. Дый умовы не такія, як апісваюць у Беларусі. Усё як звычайна, толькі адзін сядзіш. Я ў першы тэрмін быў у „крытцы“, дык 3 гады правёў у адзіночцы: сам сабе гаспадар, ня трэба пад некага падстройвацца».

Што тычыцца палітзьняволеных, колькасьць якіх у Беларусі за апошнія чвэрць стагодзьдзя вымяраецца многімі сотнямі, дык у Літве дысыдэнцтва адышло ў нябыт разам са зьнікненьнем залежнасьці ад Масквы.

«Былі выпадкі, якія можна падцягнуць да палітычных, але рэальных тэрмінаў ніхто не атрымаў. Выкарыстаньне нацысцкай і камуністычнай сымболікі, прапаганда аднаўленьня Літвы ў межах СССР і г. д. Фармальна крымінальны артыкул за заклікі да зьмены ўлады ёсьць, але не выкарыстоўваецца. Максымум — адміністрацыйка. Прыкладна як з эканамічнымі злачынствамі: нават калі відавочная карупцыя, дадуць штраф ці панізяць у пасадзе. У крайнім выпадку звольняць».

Антанасу засталося сядзець крыху меней за 7 гадоў — амаль палову ад першапачатковага тэрміну. З улікам навацый у нацыянальным заканадаўстве спадзяецца выйсьці раней.

«Як уступілі ў Эўразьвяз, дык скончыліся і амністыі. Пасьля 2/3 адбытага тэрміну зьбіраецца камісія ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, вырашае, што з табой рабіць далей. А нядаўна зьявіліся папраўкі: калі адседзеў ¾, падключаецца прабацыйная паліцыя, вывучае ўмовы твайго жыцьця на волі і хадайнічае перад адміністрацыяй. Гэта значыць, каб пасьля не бамжаваў, быў заняты і г. д. Нават калі зьбіраесься да бацькоў, таксама ўсё правераць. Ну і на гэтай падставе даюць экспэртную ацэнку, ці заслужыў свабоды. Але мне да ¾ яшчэ 4 гады сядзець, асабліва ня думаю пакуль».

Гуманізацыя пэнітэнцыярнай сыстэмы ня толькі мінімізуе пакуты працяглай ізаляцыі, але стымулюе да добрых паводзінаў, дазваляе атрымаць адукацыю і прафэсійныя навыкі, спрыяе пасьлятурэмнай адаптацыі. А галоўнае, не прыніжае чалавечых гонару і годнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG