Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я гатовы». Біскуп Касабуцкі не выключае, што супраць яго могуць завесьці крымінальную справу


Біскуп Юры Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандар Яшэўскі. 2015 год.

Біскуп Юры Касабуцкі, генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ў адсутнасць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускаюць у Беларусь, выконвае абавязкі яе кіраўніка, не выключае, што супраць яго могуць распачаць крымінальную справу. Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку.

«Не выключаю, што неўзабаве да пераліку катэгорый людзей, якія сядзяць за кратамі, будуць далучаныя і сьвятары, біскуп, – піша Касабуцкі. – Рэпрэсіі працягваюцца, працягваюцца допыты, і магчыма завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да мяне і а. Сергія. Я гатовы».

Раней біскуп Касабуцкі асудзіў зьнішчэньне сілавікамі народнага мэмарыялу забітага актывіста Рамана Бандарэнкі ў Менску. Ён заявіў, што страх улады перад народам расьце, але «ўсе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас».

Гэтыя словы абурылі Аляксандра Лукашэнку, які загадаў разабацца і зь ім, і з кіраўніком інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Сяргеем Лепіным, які таксама асудзіў зьнішчэньне мэмарыялу і пабачыў у гэтым сатанізм.

18 лістапада на наступны дзень пасьля загаду Лукашэнкі Генпракуратура Беларусі афіцыйна папярэдзіла Касабуцкага і Лепіна «аб недапушчальнасьці парушэньня закону».

Было заяўлена, што іх публічныя заявы «вядуць да канфрантацыі ў грамадзтве», «распальваюць нянавісьць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG