Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітьвязьню Віктару Бабарыку ў СІЗА КДБ не даюць магчымасьці купляць кнігі


Віктар Бабарыка ( у цэнтры) на сустрэчы з Аляксандарам Лукашэнкам 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ.

Як паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, зьняволены экс-банкір і ўдзельнік выбарчай кампаніі сутыкнуўся з дадатковай праблемай.

У СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваюць палітвязьня Віктара Бабарыку, які спрабаваў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, нельга проста перадаць кнігі. Зьняволены можа браць кнігі ў турэмнай бібліятэцы або купляць паводле сьпісу ў кнігарні. Так павінна быць паводле закону, бо чытаньне, як і перапіска, – адно з правоў зьняволенага.

На практыцы ўжо месяц як Віктар Бабарыка сутыкнуўся з праблемай: ён афармляе заявы на кнігі, якія можна купіць у цэнтральнай менскай «Кнігарні», але кнігі не закупляюць і не выдаюць яму. Хаця яго заявы зьмяшчаюць усе неабходныя зьвесткі.

Віктар Бабарыка любіць чытаць, адна з самых любімых яго кніг – «Уладар пярсьцёнкаў». Апрача гэтага, палітвязьні маюць праблемы зь перапіскай, лісты і паштоўкі да іх не даходзяць. Да Бабарыкі не прыйшло ніводнага ліста з нагоды ягонага дня народзінаў 9 лістапада.

Экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка ад 18 чэрвеня знаходзіцца за кратамі. У кастрычніку зь ім і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ сустракаўся Аляксандар Лукашэнка.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу. Ён адкінуў усе абвінавачаньні.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 24 ліпеня Генпракуратура перакваліфікавала абвінавачаньне Бабарыку: «даваньне хабару» стала «атрыманьнем хабару». Максымальна магчымае пакараньне — да 15 гадоў турмы.
  • 15 кастрычніка Мін'юст скасаваў адвакацкую ліцэнзію абаронцу Бабарыкі Аляксандру Пыльчанку.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG