Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларуськаліі» яшчэ адзін шахтар далучыўся да страйку і застаўся ў забоі. Раніцай яго вывезьлі з шахты


Аляксандар Клязовіч, машыніст горных машын рудніка 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій».

Аляксандар Клязовіч, машыніст горных машын рудніка 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» 24 лістапада ў 01:30 адмовіўся падымацца «на гара» і заявіў аб далучэньні да страйку, паведамляе страйкам прадпрыемства.

А 01:50 атрад ратавальнікаў спусьціўся ў шахту. Пазьней да будынка 4 рудаўпраўленьня прыбыло кіраўніцтва. Ратавальнікі выканалі сваю працу і вывезьлі Клязовіча з шахты ў 4:30. Пазьней машына хуткай дапамогі з Аляксандрам Клязовічам выехала за тэрыторыю 4РУ.

Заява шахтара аб далучэньні страйку

Страйкам апублікаваў заяву шахтара Клязовіча:

«Я, Клязовіч Аляксандар, машыніст горных выемачных машын рудніка 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій», заяўляю, што не гатовы мірыцца з прававой сваволяй, якая адбываецца ў нашай краіне.

Чарговае забойства на мінулым тыдні маладога хлопца, бессэнсоўныя па сваёй жорсткасьці затрыманьні грамадзян на мірных акцыях, прымяненьне сьвятлашумавых гранат і газу супраць пэнсіянэраў, пагрозы зброяй і арышты бацькоў на вачах маленькіх дзяцей – гэта ўсё паказвае нізасьць і подласьць людзей, якія захапілі ўладу ў нашай краіне.

Я адмаўляюся сваёй працай спансаваць прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму, які лічыць нас рабамі, якія абавязаны шчыраваць на іх за падачкі. Нас пазбавілі годнага жыцьця, права выбару. Я лічу, што страйк – адзіны законны і бяскроўны спосаб спыніць самаўпраўнасьць і гвалт, таму падтрымліваю патрабаваньні страйкаму і далучаюся да страйку».

Раней некалькі шахтароў «Беларуськалію» абвяшчалі страйк і адмаўляліся выходзіць з забою, усіх іх даставалі на паверхню брыгады ратавальнікаў.

Пазьней пра далучэньне да страйку заявіў яшчэ адзін шахтар Сяргей Журневіч.

Адміністрацыя прадпрыемства 20 лістапада звольніла 49 страйкоўцаў.

Паводле тэлеграм-каналу страйкоўцаў «Беларуськалію», у страйку ўдзельнічаюць каля 90 чалавек.

На «Беларуськаліі» працуюць больш за 16 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG