Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту анархісцкага руху блогеру Міколу Дзядку выставілі абвінавачаньне


Мікалай Дзядок.

Адміністратару тэлеграм-каналу «Мiкоlа» Мікалаю Дзядку выставілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Адміністратару тэлеграм-каналу «Mikola» Мікалаю Дзядку выставілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам блогер не прызнае сябе вінаватым.

Мікалай Дзядок, блогер анархісцкіх поглядаў, знаходзіцца ў карантыннай камэры СІЗА № 1, расказаў Tut.by ягоны бацька. Пасьля яго затрыманьня МУС паведамляла, што Дзядок «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцыяў «прамога дзеяньня», таксама ў тэлеграм-канале, які адміністраваў Мікалай, публікаваліся асабістыя зьвесткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Мяне выклікаюць на допыт у якасьці сьведкі. Я зараз на самаізаляцыі, так што пайду на наступным тыдні», — паведаміў Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая.

Блізкія блогера лічаць, што падчас або пасьля затрыманьня ён быў пабіты, таму накіравалі ў Сьледчы камітэт ліст з просьбай узбудзіць крымінальнай справу аб пабіцьці.

Раней адвакатка хадайнічала аб правядзеньні мэдычнага агляду і прызначэньні судова-мэдычнай экспэртызы цялесных пашкоджаньняў у Міколы.

Хто такі Мікола Дзядок

Міколу Дзядка, блогера, анархіста і палітычнага аналітыка, затрымалі 12 лістапада.

Паводле бацькі арыштаванага блогера Аляксандра Дзядка, само відэа, апублікаванае МУС, сьведчыць аб пабіцьці, кажа Аляксандар Дзядок.

«Яго зьбілі самым жорсткім чынам, ён быў пад узьдзеяньнем моцнага гвалту, якім яны прымусілі яго казаць усякае глупства. Цяжка сказаць, наколькі гэтае пабіцьцё пагражае стану ягонага здароўя, бо адвакат ня лекар, яна ўбачыла сьляды біцьця толькі на твары, больш яго ніхто не аглядаў. Пры гэтым ён сам сказаў адвакату, што яго моцна пабілі».

Аляксандар Дзядок сумняецца, што скаргі дадуць вынік:

«У нашай краіне ніякіх легальных спосабаў дамагчыся праўды няма, усе чулі фразу „Не да закону“, якая прагучала на самым версе».

«Яны нахабныя злачынцы, якія дазваляюць сабе ўсё, што магчыма, бо ім гэта дазволена і ўказана зьверху. Апрача таго, я перакананы, што гэтае відэа зроблена з прапагандысцкімі мэтамі, каб запалохаць іншых людзей і прыгнясьці самога Мікалая, чалавека высокаадукаванага, які прафэсійна займаецца паліталёгіяй, блогера і журналіста. Які гаварыў адкрыта і сумленна аб тым, што адбываецца. Такім чынам яму хацелі заткнуць рот і прынізіць».

Абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў бацька Дзядка лічыць абсурднымі:

«Ні ў якіх арганізацыях ён ня ўдзельнічаў, ня браў удзелу ў рыхтаваньні масавых акцыяў, гэта спробы прыцягнуць за вушы... Але тыя, хто яго затрымаў, здольныя на любую хлусьню і фальсыфікацыі».

У чым абвінавачваюць Міколу Дзядка

Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных справаў 12 лістапада паведаміў, што супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымалі 32-гадовага Міколу Дзядка.

У паведамленьні гаворыцца, што ў сваім тэлеграм-канале ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцыяў „прамога дзеяньня“». Дзядок падазраецца ў справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў.

На відэа, якое распаўсюдзіла МУС, Мікола Дзядок выглядае моцна пабітым, на твары ў яго пашкоджаньні.

У 2010 годзе Мікола Дзядок быў затрыманы ў справе аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. У зьняволеньні ён быў амаль пяць гадоў — ад верасьня 2010 да жніўня 2015-га. Пасьля вызваленьня жыў у Менску, Вільні, Коўне. Аднавіўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і скончыў навучаньне ў праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG