Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брата Дар’і Домрачавай ня толькі пабілі, але і аштрафавалі


Мікіта Домрачаў

Пабітага падчас затрыманьня архітэктара Мікіту Домрачава, брата біятляністкі Дар’і Домрачавай, яшчэ і аштрафавалі — на 540 рублёў (20 базавых), паведамляе Эўрарадыё.

23 лістапада справу Мікіты Домрачава разглядаў суд Фрунзэнскага раёну. Судзьдзя Аляксандар Брычкоў палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Сам Домрачаў на паседжаньне не зьявіўся, бо дрэнна пачуваўся. Ягоная адвакатка прасіла перанесьці працэс, але судзьдзя адмовіў. Аб прысудзе Домрачаў даведаўся ад журналістаў.

Домрачава схапілі падчас Маршу годнасьці 11 кастрычніка. Ён ехаў набярэжнай Сьвіслачы. Домрачава сьцягнулі з ровара і моцна пабілі.

«Яны проста павалілі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць. У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар — ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі, я спрабаваў вырвацца, каб зьберагчы яго. Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, тыцкалі дручком. Ад удараў і крыві на твары я нічога ня бачыў», — апавядаў архітэктар. З РУУС яго забрала «хуткая».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG