Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: выйшаў першы нумар «Нашай нівы»


Падзеі 23 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

23 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты «Наша ніва». Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданьне газэты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першае ўсясьветнае вайны – нямецкія войскі набліжаліся да Вільні.

У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэньне «Нашай нівы». У 1996-м рэдакцыя газэты пераехала ў Менск. У чэрвені 2018 «Наша ніва» спыніла выхад папяровай газэты, а праз два месяцы стала выдаваць ілюстраваны гістарычны часопіс.

Першы нумар часопісу «Наша гісторыя»
Першы нумар часопісу «Наша гісторыя»

Таксама ў гэты дзень

1793 — у Горадні скончыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы расейскае царыцы Кацярыны II, гэты сойм мусіў замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Дэпутаты маўчалі некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.

Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай
Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай

1831 — у Санкт-Пецярбургу адкрыўся Румянцаўскі музэй. Кнігі, рукапісы, манэты, этнаграфічныя і мастацкія калекцыі былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе сваіх ваенных паходаў. Пазьней музэй быў перавезены зь Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе была створаная Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стала бібліятэкай імя Леніна — галоўнай расейскай бібліятэкай.

Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу
Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу

1959 — прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь дэкляраваў лёзунг «Эўропа ад Атлянтыкі да Ўралу».

1979 — быў выдадзены падвойны альбом «Сьцяна» брытанскага гурту Pink Floyd.

1991 — Фрэдзі Мэркуры пацьвердзіў чуткі пра тое, што ў яго СНІД. Увечары наступнага дня ён спачыў.

У гэты дзень нарадзіліся

1871 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

1910 — Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.

У памяці

1886 — памёр Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор адзін зь першых адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.

Адам Кіркор
Адам Кіркор

1970 — памёр Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. У 1970-х, калі гарадзкія ўлады руйнавалі гістарычны цэнтар Менску, Цікоцкі быў адным з актыўных абаронцаў архітэктурнай спадчыны.

2006 — у выніку атручэньня палоніем памёр Аляксандар Літвіненка, былы супрацоўнік КДБ-ФСБ. Існуе думка, што Літвіненка быў забіты за тое, што знайшоў доказы сувязяў блізкіх да Пуціна чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасьцю.

Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG