Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтапрабег за 21 895 рублёў. Колькі каштуюць бюджэту праўладныя акцыі


Аўтамабілі з аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». Ілюстрацыйнае фота

Выступ групы «Аўра» за 4 тысячы рублёў і Саладуха — за 2 тысячы. Колькі грошай ідзе зь бюджэту на праўладныя акцыі.

8 лістапада ў Беларусі прайшоў аўтапрабег пад назвай «За адзіную Беларусь». Прыхільнікі Лукашэнкі праехалі па менскай кальцавой, іх пачаставалі кашай і шашлыком пад Ліпкамі, а пасьля адбыўся канцэрт з удзелам Аляксандра Саладухі, Жанэт, гурту «Аўра» ды іншых.

Як вынікае з сайту дзяржаўных закупак, агулам мерапрыемства каштавала бюджэту 21 895 рублёў. Найбольшы ганарар сярод выканаўца атрымаў гурт «Аўра» — 4 тысячы рублёў. Іншыя выступы каштавалі:

  • Аляксандар Саладуха — 2 тысячы рублёў
  • Жанэт — 1 тысяча рублёў
  • Шоў-тэатар «Алюр» — 1,5 тысячы
  • Арт-гурт «Беларусы» — 1,5 тысячы
  • Алешка — 1 тысяча рублёў
  • Шоў-тэатар «Хвілінка» — 500 рублёў
  • Балет Fusion — тысяча рублёў
  • Балет Next — тысяча рублёў.

Паслугі галоўнага рэжысэра каштавалі 2 тысячы рублёў, асыстэнтаў рэжысэра — 1 тысячу рублёў, памочнікаў рэжысэра — 700 рублёў, харэографа — 500 рублёў.

Колькі яшчэ трацяць на ідэалёгію

Такі канцэрт ня самае дарагое ідэалягічнае мерапрыемства. Яшчэ ў ліпені ў Менску прайшло «патрыятычнае шэсьце „Беларусь памятае“», якое каштавала 200 тысяч рублёў, згодна з сайтам дзяржзакупак. Сродкі на яго пайшлі бюджэтныя.

Гэтае шэсьце прайшло праспэктам Незалежнасьці да плошчы Перамогі 3 ліпеня.

А што ў рэгіёнах

Ад некаторых рэгіёнах на сайце дзяржзакупак знаходзім заяўкі на суправаджэньне «абласнога моладзевага форуму». Напрыклад, Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацый Барысаўскага райвыканкаму траіць на асьвятленьне ды іншае тэхнічнае суправаджэньне форуму 8 тысяч рублёў. Дакумэнты падпісаў мясцовы аддзел ідэалёгіі.

У Ашмянскім раёне на канцэрт Вікторыі Алешкі і Мікіты Фаміных зь бюджэту трацяць 2700 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG