Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць журналісткі Tut.by за ўдзел у мітынгу суд аддаў на дапрацоўку


Затрыманьні на маршы «Я выходжу». Менск, «плошча Пераменаў», 15 лістапада
Затрыманьні на маршы «Я выходжу». Менск, «плошча Пераменаў», 15 лістапада

20 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся працэс у справе журналісткі Tut.by Юліі Альгерчык.

Паказаньні ў судзе даў супрацоўнік РУУС Цэнтральнага раёну Менску Іваноў Іван Іванавіч у балаклаве. Гэта выдуманае імя.

Юлію затрымалі позна ўвечары 15 лістапада ў раёне вуліцы Чарвякова, дзе сілавікі разагналі акцыю пратэсту і патрулявалі двары і дамы мясцовых жыхароў.

Юлія прыбыла на «Плошчу пераменаў» пасьля 20 гадзін, ніякіх мітынгаў у той момант ужо не было. Яна пагутарыла з працаўнікамі крамы «Гіпа», дзе брутальна хапалі людзей удзень, з супрацоўнікамі камунальных службаў і міліцыі ў ачапленьні. Прыкладна ў 21.23 яе затрымалі супрацоўнікі АМАПу, але ў пратаколе пазначаны іншы час.

Міліцыянт у масцы са зьмененым імем сказаў, што Альгерчык стаяла сярод мітынгоўцаў, у якіх былі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Юлія віны не прызнала і заявіла, што прыбыла ў раён Чарвякова на заданьне рэдакцыі, каб паглядзець, што адбываецца ў раёне пасьля брутальных затрыманьняў. Спачатку Юлія пагутарыла з працаўнікамі крамы «Гіпа», дзе сілавікі затрымлівалі людзей днём, пасьля накіравалася да «плошчы Пераменаў», дзе былі толькі сілавікі і камунальныя службы. Разам зь Юліяй была яе 15-гадовая дачка.

«Я была дзяжурным журналістам у той дзень. І ведала, што ў той час ужо ніякага мітынгу там няма, — тлумачыць Юлія. — Таму я ўзяла з сабой дачку, пасьля мы мелі заехаць разам у краму».

Паводле пратаколу ж Юлія ўдзельнічала ў пікеце з 20.20 да 20.30, аднак у суд прадстаўлены чэк з кавярні, дзе ў 20.46 Юлія з дачкой купілі дзьве кавы і дэсэрт. Акрамя таго, суду прадстаўлена відэаназіраньне з бліжэйшых дамоў, зь якога таксама відаць, што ў названы час ніякіх акцыяў пратэсту, у тым ліку са сьцягамі, не было.

Ананімны сьведка-міліцыянт

Паказаньні ў судзе даў супрацоўнік РУУС Цэнтральнага раёну Іваноў Іван Іванавіч. Гэта выдуманае імя. Аднак у судзе прагучаў нумар яго нагруднага знака — П 62167.

Так званы Іваноў настойвае, што ён не памыліўся: менавіта Альгерчык парушыла закон у раёне «плошчы Пераменаў». Ня ўсе абставіны міліцыянт памятае, маўляў, «штодзень нясем службу, шмат падзеяў».

«Амапаўцы, калі затрымлівалі нас, сказалі, што ў РУУС разьбярэцца афіцэр, — зьвяртаецца Юлія да сьведкі. — Я дзіця супакойвала. А потым мы ў РУУС сфатаграфавалі пратакол, у якім пазначана, што я прымала ўдзел у пікеце, якога насамрэч не было. І маё дзіця спытала: «Як так?» Яна ж усё бачыла. Дзіця, у якога цяпер фармуецца думка аб сілавіках, судах. І вы можаце казаць, што я ўдзельнічала ў пікеце? Як вам ня сорамна! Закрываеце твар маскай».

Судзьдзя ўдакладніла, чаму Юлія была без журналісцкага бэджа пры затрыманьні.

«Апошнія два месяцы на журналістаў ідзе паляваньне, — патлумачыла Юлія. — Гэта ў мяне дзіця непаўналетняе, у горшым выпадку мне могуць даць штраф. А мае зараз сядзяць на Акрэсьціна, у Магілёве і Жодзіне. Абазначаць сябе на акцыі — рызыкаваць сваім здароўем. Амапаўцам пустая справа нешта даказваць, яшчэ палкай па сьпіне дадуць».

У выніку судзьдзя аддаў справу на дапрацоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG