Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выходжу, бо не разумею, як жыць у такіх умовах». Маці сямёх дзяцей трымалі ў Жодзіне і на Акрэсьціна


Варвара разам з сынам пасьля яго вызваленьня ў Жодзіне.

Маці сямёх дзяцей Варвару Чурун зь Менску трымалі трое сутак у зьняволеньні, а потым пакаралі штрафам у 30 базавых.

Варвара Чурун працуе дырэктарам Цэнтру практычнай лягапэдыі «Разам з табой». Яе затрымалі 8 лістапада падчас акцыі пратэсту разам з сынам Вадзімам.

«Яны затрымлівалі сына, я была супраць, і тады затрымалі нас дваіх», — кажа Варвара.

Сын вучыцца ў БДУ на чацьвёртым курсе факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, астатнія шасьцёра дзяцей непаўналетнія.

«У камэры на чатырох нас было 19»

Варвару спачатку завезьлі ў Маскоўскі РУУС і там абяцалі адпусьціць, але зьмясьцілі ў КПЗ, дзе было 18 чалавек.

«Мы там неяк седзячы падрамалі, а раніцай павезьлі ў Жодзіна. Там у камэры на чатырох нас было 19, цягам сутак гарэла сьвятло, нары без матрацаў і падушак. Да аўторка нас зусім не кармілі, далі толькі хлеб, які немагчыма было есьці, — кажа Варвара. — Камэра была настолькі малая, што вечарам мы вырашалі, як нам разьмясьціцца, каб легчы. На гэтай мэталічнай рашотцы нараў спрабавалі спаць па двое. Балела ўсё».

Вечарам аўторка пачаліся суды, пасьпелі разгледзець справы трох чалавек з камэры.

«Адна жанчына была затрыманая разам з дачкой, а дома ў яе заставалася 14-гадовая дачка. Нягледзячы на гэта, ёй прысудзілі 10 сутак. Потым рашэньне суду адмянілі, бо адна з нашых дзяўчат, выйшаўшы на волю, перадала пра гэта інфармацыю ў СМІ. Але да адмены рашэньня тая жанчына ўжо адседзела 9 сутак», — кажа Варвара.

У камэры з Варварай сядзелі пэнсіянэркі, адна жанчына пасьля інсульту, некаторыя дрэнна сябе адчувалі.

«Калі мы моцна стукалі ў дзьверы альбо пляскалі ў далоні (на гэта яны асабліва добра рэагавалі), то лекі прыносілі», — згадвае Варвара.

«На судзе мяне прасілі даказаць, што я маю дзяцей»

З Жодзіна Варвару перавезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. У камэры месцаў на ўсіх не хапала, і яна правяла ноч, седзячы за сталом. Раніцай пачаліся суды па скайпе, давалі па 15 сутак.

«Я вельмі хацела выйсьці, бо сына пры затрыманьні памецілі чырвонай фарбай, я тры дні нічога пра яго ня ведала. Мне казалі, што яго будуць біць, бо ён з пазнакай, — кажа Варвара. — На судзе мяне прасілі даказаць, што я маю дзяцей, хаця ў пашпарце ўсе мае дзеці запісаныя, зарэгістраваныя ў Менску, і нам давалі кватэру па льготным крэдыце», — кажа Варвара.

Судзьдзя прасіла, каб Варвара прадставіла пасьведчаньні аб нараджэньні дзяцей, бо, маўляў, няма адкуль атрымаць гэтыя зьвесткі.

«Але ў мяне не было дакумэнтаў. Судзьдзя сказала, каб прывёз нехта са сваякоў, але я была без тэлефона і ня ведала, ці можа хто прывезьці. Я прапанавала, што сама прывязу дакумэнты. У адказ судзьдзя мне проста пасьмяялася ў твар: „Ды хто вас наогул выпусьціць?!“»

З мужам Варвара ў разводзе, але судзьдзя сказала, што гэтых зьвестак таксама няма.

Варвары прысудзілі штраф у 30 базавых і адпусьцілі. Яна зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду.

«Яны маталіся паміж турмамі»

Пакуль Варвара была ў зьняволеньні, дзяцей даглядала яе маці, ёй дапамагала старэйшая дачка.

«Пры гэтым яны яшчэ маталіся паміж турмамі. Два дні яны правялі ў Жодзіне, чакалі, што мяне выпусьцяць, бо вядома, што маці зь непаўналетнімі дзецьмі выпускаюць. У сераду былі трэція суткі і дзень перадач. Яны хацелі адвезьці перадачу сыну, які ў Жодзіне адбываў 10 сутак. Але ў дарозе патэлефанавалі сваякі, што мяне судзяць. Яна разьвярнуліся і рушылі на Акрэсьціна. Калі я выйшла з турмы, мы разам павезьлі сыну перадачу, але не пасьпелі, бо там была вялізная чарга. Сын застаўся безь перадачы».

«У РУУСе я ўбачыла, што ў сына галава справа нібыта ў крыві»

Паводле Варвары, сыну пасьля затрыманьня на праспэкце Пераможцаў амапаўцы пазначылі вуха чырвонай фарбай.

«Сына ў бусе павалілі на падлогу і на яго закідвалі затрыманых. Са „стакана“ ў аўтазаку я бачыла праз малое вакенца, як яго завялі, і чула крыкі амапаўцаў; „Гэтага пазначце, у кішэні камень“. У РУУСе я ўбачыла, што ў сына галава справа нібыта ў крыві, яго пазначылі. Ён выходзіў апошнім з буса, і там знайшлі камень, а яго прызначылі вінаватым. Але яму пашчасьціла, бо ў Жодзіне яго ўдарылі адзін раз. Калі яго заводзілі „гуськом“ па калідоры, сын мацюкнуўся, і супрацоўнік моцна ўдарыў яго ў жывот. У міліцыі сказалі, што праз гэтую пазнаку за ім будуць пільна назіраць».

Варвара кажа, што сына затрымлівалі тройчы, агулам у яго 20 сутак арышту і 20 базавых штрафу. Пасьля чарговых сутак ён даведаўся, што на пагашэньне штрафу з банкаўскіх картак сьпісаныя ўсе грошы, там нават мінус. Не пакінулі нават на харчаваньне. Мабільны тэлефон Варвары дагэтуль пад арыштам, да выплаты штрафу.

«Я не магу зразумець, чаму так адбываецца і ніхто ня можа пакараць гэтых людзей за масавыя катаваньні над мірнымі людзьмі. Мы для іх як мяса, амапаўцы на маршы бегаюць за людзьмі і крычаць у канцы, што „паляваньне на жывёл скончанае“. Гэта страшна».

«Я выходжу на акцыі, бо не разумею: як жыць у такіх умовах?»

Варвара кажа, што 9 жніўня бальшыня галасавала не за Лукашэнку. Разам зь іншымі яна пайшла на ўчастак, каб паглядзець выніковыя пратаколы. Але замест пратаколаў падагналі аўтазак, і людзі пачалі разьбягацца ад страху. Потым пад аховай вывелі выбарчую камісію.

«Пасьля гэтага мы паехалі да стэлы. Калі там у людзей пачалі кідаць сьвятлашумавыя гранаты, для мяне гэта было чарговым шокам. Як можна зьмірыцца з такой сытуацыяй, як можна гадаваць дзяцей у такой краіне, дзе іх могуць пакалечыць ці забіць? Майго сына затрымалі 10 жніўня, суткі мы ня ведалі, дзе ён, хваляваліся. Для мяне гэта непрымальная сытуацыя, я хвалююся за сваіх дзяцей, бо з намі могуць зрабіць усё што заўгодна. Я выходжу на акцыі, бо не разумею: як жыць у такіх умовах?»

Варвара ганарыцца сваімі старэйшымі дзецьмі — за неабыякавасьць.

«Самае страшнае ў гэтай сытуацыі — гэта абыякавасьць. Я ганаруся, што мае дзеці разумеюць, што яны бачаць гвалт, яны спачуваюць людзям. Старэйшай дачцэ мы забаранілі хадзіць [на акцыі — РС], бо стала вельмі небясьпечна, хоць яна ірвецца і без дазволу выходзіць на мясцовыя акцыі. А на маршы мы ходзім з сынам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG