19 лістапада ў Жлобіне судзілі 34-гадовага Дзяніса. Ён у верасьні пакінуў на асфальце і слупах «цынічныя надпісы», за якія атрымаў крымінальны перасьлед паводле артыкулу 341 Крымінальнага кодэксу («Вандалізм»). Цынічнымі прызнаныя сярод іншых надпісы «3%» і «Жыве Беларусь!»
Па вэрсіі абвінавачаньня, сваім учынкам жлобінец хацеў «праявіць дэманстратыўную непавагу да грамадзтва і чужой уласнасьці».
«На судзе прагучала, што ў той вечар Дзяніс быў нападпітку. Ён і сам гэта прызнае. Яго „здала“ суседка, якая бачыла, як ён піша. Яна і выклікала міліцыю. Калі Дзяніса забралі, ягоныя бацькі самі зафарбавалі тыя надпісы. Там было „Лука 3%“, „Жыве Беларусь“ і яшчэ нешта з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі», — паведаміў жыхар Жлобіна, які прысутнічаў на судзе.
Абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён зазначыў, што калі б ня выпіў у той вечар, то наўрад ці пайшоў бы пісаць на слупах і асфальце.
Адвакат прасіў не пазбаўляць падабароннага волі, бо злачынства не зьяўляецца цяжкім, не зьяўляецца небясьпечным для грамадзтва, не прынесла фактычна нікому шкоды, апроч самога абвінавачанага. Абаронца выказаўся, што штраф будзе адэкватным пакараньнем для жыхара Жлобіна.
Суд жа пастанавіў арыштаваць яго на тры месяцы.