Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў: Можна размаўляць тэрмінамі Другой сусьветнай вайны — блякада Ленінграду, блякада Новай Баравой


Валянтэры прывезьлі ваду, Новая Баравая

Пра тое, як улады Беларусі спрабуюць задушыць пратэсты, змагаюцца з блогерамі за мяжой і чаму МЗС не выдае сьпіс санкцый, «Настоящему времени» расказаў палітоляг Павал Вусаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўвяло санкцыі ў адказ супраць ЭЗ і Канады, назваўшы «аднабаковае агрэсіўнае звужэньне поля для дыялёгу з суседняй Беларусьсю» памылкай.

— Справа ў тым, што гэта будуць мікраскапічныя санкцыі, хутчэй сьмешныя. Можна чакаць таго, што некалькі чыноўнікаў, грамадзкіх дзеячоў, магчыма, журналістаў трапяць у сьпіс неўязных на тэрыторыю Беларусі і «саюзнай дзяржавы». Беларусь ужо ўводзіла падобныя абмежаваньні для прадстаўнікоў заходніх краінаў, тых самых журналістаў, замежных назіральнікаў і гэтак далей. З 2011-га па 2014 год быў такі сьпіс абмежавальны, але нейкіх сур’ёзных контразахадаў для заходніх санкцый гэта не прынесла.

Тое, што цяпер заяўляе МЗС, — гэта хутчэй палітычны крок, каб самой сыстэме паказаць, што яна можа нешта супрацьпаставіць Захаду. Але на самой справе ніякіх сурʼёзных дзеяньняў, крокаў для таго, каб кампэнсаваць шкоду ад будучых санкцый, у беларускага афіцыйнага Менску няма.

— Давайце тады пагаворым пра тэлеграм-каналы «​Нехта»​ і «​Нехта Live». Мы бачым, што беларускія ўлады безвынікова змагаюцца з гэтымі тэлеграм-каналамі, і я так разумею, што гэта самае слабое месца ў Лукашэнкі? Ці ня так?

— У Лукашэнкі на сёньняшні дзень у сыстэме шмат значна больш слабых месцаў. Перш за ўсё гэта пратэсты. На гэта таксама варта зьвярнуць увагу. Той факт, што пратэсты, на думку Лукашэнкі, непасрэдна зьвязаныя з тэлеграм-каналамі, яго вельмі моцна раздражняе. Таму што ён ніяк, сыстэма і ягонае асяродзьдзе, якія б брутальныя мэтады яны ні выкарыстоўвалі, ня могуць здушыць гэтыя пратэсты. Прыклад трохдзённай блякады Новай Баравой. Практычна цяпер можна размаўляць тэрмінамі Другой сусьветнай вайны — блякада Ленінграду, блякада Новай Баравой. З улікам ХХІ стагодзьдзя гэта наогул варʼяцтва.

Адной рукой улады спрабуюць зачысьціць плошчу, нейкія мікрараёны мяцежныя, а другой рукой спрабуюць узьдзейнічаць псыхалягічна і пры дапамозе міжнароднага права на маладых блогераў, на Сьцяпана Сьвятлова, на Рамана Пратасевіча. З тым, каб нагадаць ім, што «мы за вамі сочым, мы паспрабуем вас нейкім чынам адтуль выцягнуць, любымі спосабамі, якія ў нас ёсьць». Гэта хутчэй псыхалягічны прэсінг.

Зразумела, што Польшча і іншыя краіны ня будуць паддавацца на падгаворваньні або адказваць на нейкія іншыя запыты беларускай улады, нягледзячы на тое, што Беларусь яшчэ застаецца ў Інтэрполе. Ня варта забываць, што Беларусь можа і праз Інтэрпол паспрабаваць нейкім чынам узьдзейнічаць на гэтых маладых хлопцаў. Гэта таксама, на пэрспэктыву, павінна працаваць у дачыненьні да беларускіх палітыкаў, якія паедуць за мяжу. Улады спрабуюць прапрацаваць мэханізм узьдзеяньня на новую палітычную сілу, якая будзе кансалідавацца за межамі Беларусі.

— Як вы лічыце, калі б сілавікі не разганялі шэсьці, маршы, ці маглі б у гэтым выпадку акцыі пратэсту пайсьці на спад?

— Калі б не было такіх жорсткіх рэакцый, якія адбыліся, перш за ўсё, 9, 10 і 11 жніўня, і зьбіваньня, то такой хвалі пратэстаў, вядома ж, не было б. Таму што псыхалягічна людзі былі гатовыя ў нейкай ступені, што выбары будуць сфальсыфікаваныя, чакалася, што будуць пратэсты, але ніхто не чакаў, што пратэсты выйдуць на такі ўзровень.

А асноўнай прычынай пратэстаў былі нават не фальсыфікацыі, а абсалютна неадэкватныя брутальныя дзеяньні сілавікоў і катаваньні на Акрэсьціна, якія працягваюцца і да сёньня. І, як толькі пачынаецца нейкае зьніжэньне гэтай пратэставай хвалі, улады альбо іх абслуга, гэтыя баевікі ў цывільным, ствараюць новыя прычыны для пратэстаў. Забойства Рамана Бандарэнкі стала новай энэргетычнай прычынай для працягу рэпрэсіяў, пратэстаў. Тое самае дзеяньне ў дачыненьні да Новай Баравой кансалідуе грамадзтва і паказвае абсалютнае вар’яцтва і неадэкватнасьць улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG