Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына і Польшча наклалі вэта на бюджэт ЭЗ з прычыны рознагалосьсяў аб міграцыі


Віктар Орбан
Віктар Орбан

Вугоршчына і Польшча наклалі вэта на праект бюджэту Еўразьвязу на 2021–2027 гады і стварэньне фонду аднаўленьня эканомікі ЭЗ пасьля пандэміі каранавірусу з прычыны рознагалосьсяў з кіраўніцтвам ЭЗ у пытаньні аб міграцыі. Пра гэта заявіў 18 лістапада прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Рашэньне пра вэта было прынятае 16 лістапада. Акрамя Вугоршчыны, да яго далучылася Польшча. Абедзьве гэтыя краіны, дзе ва ўладзе знаходзяцца правакансэрватыўныя і папулісцкія сілы, у мінулым крытыкаваліся іншымі краіны ЭЗ і Эўракамісіяй за парушэньні дэмакратычных нормаў і правоў чалавека.

Паводле Орбана, цяперашні праект бюджэту дазваляе прывязваць выдзяленьне сродкаў ЭЗ тым ці іншым краінам да іх пазыцыі адносна прыёму мігрантаў, прычым краіны, якія адмовіліся б удзельнічаць у пераразьмеркаваньні ўцекачоў, могуць пацярпець ад бюджэтных санкцый.

Пры гэтым, як адзначаюць агенцтвы, у праекце бюджэту і стварэньня фонду аднаўленьня наўпрост пра міграцыю нічога не гаворыцца. Замест гэтага, гаворка ідзе аб неабходнасьці выкананьня краінамі вяршэнства закону — а менавіта ў парушэньні гэтага прынцыпу партнэры з ЭЗ абвінавачваюць Польшчу і Вугоршчыну.

Для прыняцьця бюджэту агульным абʼёмам 1,1 трыльёна эўра і стварэньня фонду памерам 750 мільярдаў неабходная згода ўсіх 27 краін ЭЗ. Прынцыповую згоду з праектам бюджэту ўсе краіны далі яшчэ ўлетку, аднак канчатковага ўхваленьня ад Варшавы і Будапэшту не было.

Эўракамісія нядаўна выступіла з праектам міграцыйнай рэформы, які накіраваны на тое, каб зьнізіць нагрузку на краіны, якія прымаюць цяпер больш за ўсё мігрантаў — такія як Італія і Грэцыя. Іншым краінам ЭЗ прапануецца разьмяшчаць у сябе частку людзей, якія просяць прыстанішча, за фінансавае ўзнагароджаньне ад Брусэлю. У крытычных сытуацыях Эўракамісія будзе мець права ўводзіць квоты на разьмеркаваньне мігрантаў. Шэраг краінаў Цэнтральнай Эўропы — у тым ліку Польшча, Вугоршчына і Чэхія — катэгарычна супраць абавязковых квотаў. Праект рэформы наўпрост не зьвязаны з праектам бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG