Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбытак упаў у 37 разоў. Як жывуць прамысловыя рэгіёны Беларусі, згодна з новай статыстыкай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У буйных прамысловых рэгіёнах Беларусі заўважны рост даўгоў і падзеньне прыбытку. Глядзім афіцыйную статыстыку.​

Салігорскі раён

Адзін з самых багатых рэгіёнаў Беларусі, тут здабываюць калійную соль, а сярэдні заробак на 42% вышэйшы, чым агулам па Менскай вобласьці. Чысты прыбытак арганізацый рэгіёну за студзень-верасень у параўнаньні зь мінулым годам скараціўся ў 4 разы: з 1 мільярда рублёў да 265 мільёнаў. Пра гэта кажа сьвежая статыстыка ад Белстату. Упала рэнтабэльнасьць продажаў: з 23,6% да 11,4%. Экспарт скараціўся на 22%.

Страйк на «Беларуськаліі»
Страйк на «Беларуськаліі»

Жлобінскі раён

У Жлобіне — Беларускі мэталюргічны камбінат, адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Чысты прыбытак у гэтым годзе вырас да 10,7 мільёна рублёў за восем месяцаў, у мінулым годзе прыбытак быў мінусавы. Засталася мінусавай рэнтабэльнасьць продажаў — мінус 0,5%, колькасьць стратных арганізацый засталася на ранейшым узроўні — 11,6%.

На 57 мільёнаў вырасла запазычанасьць па пратэрмінаваных крэдытах, цяпер рэгіён вінен 394 мільёны. Гэты сумарны доўг у 38 разоў большы, чым прыбытак за 8 месяцаў гэтага году.

Беларускі мэталюргічны завод
Беларускі мэталюргічны завод

Гомель

У Гомлі месьціцца Гомсельмаш, буйны вытворца камбайнаў. Чысты прыбытак за студзень-верасень у горадзе ўпаў у 6,8 раза ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. Арганізацыі гораду зарабілі 71,7 мільёна рублёў.

На 4% вырасла доля стратных арганізацый, цяпер такіх 14,8%. Пратэрмінаваная запазычанасьць па крэдытах вырасла на 18 мільёнаў. На траціну зьнізіўся экспарт прадукцыі.

Пратэст ля Гомсельмашу, 18 жніўня
Пратэст ля Гомсельмашу, 18 жніўня

Жодзіна

У Жодзіне — буйны вытворца кар’ерных самазвалаў БеЛАЗ. Прыбытак гораду за восем месяцаў гэтага году ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась упаў у 37 разоў. Усе арганізацыі гораду за 8 месяцаў зарабілі толькі 5,8 мільёна рублёў.

Рэнтабэльнасьць продажаў зьнізілася на 6% і цяпер складае 13,3%. Доля стратных арганізацый вырасла ўтрая, цяпер такіх 41%. Экспарт упаў на 57%.

Сустрэча кіраўніка Жодзіна з работнікамі БелАЗ, 13 жніўня
Сустрэча кіраўніка Жодзіна з работнікамі БелАЗ, 13 жніўня

Менск

У беларускай сталіцы працуюць адразу некалькі буйных прадпрыемстваў: МАЗ, МТЗ, МЗКЦ ды іншыя. За 8 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі сталіцы зарабілі 1,7 мільярда рублёў. Гэта менш, чым летась, у 1,4 раза.

Стала больш стратных арганізацый, іх доля вырасла з 18,5% летась да 24,2% у гэтым годзе. Вырасла запазычанасьць арганізацый па пратэрмінаваных крэдытах, агулам на 396 мільёнаў рублёў. Арганізацыі вінныя па пратэрмінаваных крэдытах ужо 1,5 мільярда рублёў, што толькі на 200 мільёнаў больш, чым прыбытак за 8 месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG