Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абвясьціла, што паніжае ўзровень удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве» і рыхтуе адказ на трэці пакет санкцый

абноўлена

Беларусь абвясьціла, што паніжае ўзровень свайго ўдзелу ў праграме ЭЗ «Усходняе партнэрства» да экспэртнага. Пра гэта паведаміла агенцтва «РИА Новости» ў сваім тэлеграм-канале.

17 лістапада, пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі ў справе зьнешнепалітычнага становішча Беларусі, стала вядома, што Менск рыхтуе захады ў адказ на магчымае пашырэньне санкцый з боку Эўрапейскага Зьвязу, інфармуе ​Інтэрфакс.

Пра новыя захады журналістам паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля нарады ў Лукашэнкі.

«Будзьце ўпэўненыя, што гэтыя ініцыятывы ў выпадку іх прыняцьця нашымі эўрапейскімі партнэрамі не застануцца без адказу. Рэакцыя будзе сапраўды адэкватнай і вельмі адчувальнай для нашых эўрапейскіх партнэраў», — заявіў Макей.

Ён дадаў, што ня Менск быў ініцыятарам. «Мы толькі стараліся, як нам здаецца, адэкватна рэагаваць на тыя выклікі, зь якімі сутыкнулася і сутыкаецца Беларусь», — сказаў міністар.

«На нарадзе была прапанавана і падтрымана ўдзельнікамі нарады ідэя аб паніжэньні ўзроўню нашага прадстаўніцтва ва «Ўсходнім партнэрстве», — сказаў Макей.

Беларускі бок, паводле яго, бачыць «спробы палітызаваць шэраг інфраструктурных, міжрэгіянальных праектаў у рамках гэтай ініцыятывы». «Таму прынята рашэньне аб паніжэньні ўзроўню ўдзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве да экспэртнага», — растлумачыў Макей.

«Усходняе партнэрства» — ініцыятыва Эўразьвязу для супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі Эўропы і Каўказу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG