Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін баіцца, што на новых выбарах беларусы выберуць празаходняга лідэра», — расейскі палітоляг


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы

Незалежны расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін у інтэрвію Свабодзе расказвае, як падтрымка Крамлём Лукашэнкі паўплывае на антырасейскія настроі беларусаў, і адказвае на пытаньні, чаму Пуцін не скарыстаецца пратэстамі, каб прывесьці да ўлады свайго стаўленіка, і пры якіх умовах Расея перастане падтрымліваць дыктатуру ў Беларусі.

Аб пратэстах у Беларусі

У Беларусі няма галоўнага фактару, які прыводзіць да перамогі «каляровай рэвалюцыі», — расколу сярод эліты. Ва Ўкраіне ён быў, а ў Лукашэнкі няма. Ён зьнішчае людзей да таго, як яны могуць раскрыцца. Як толькі зьявіліся дзьве альтэрнатыўныя асобы (Бабарыка і Цапкала. — РС), то аднаго замялі, а другога выгналі. І паўстаньнем цяпер даводзіцца кіраваць жанчынам. А жанчынамі Лукашэнка шчыра пагарджае. Гэта чалавек мінулага або і пазамінулага стагодзьдзя, але зь вялікім інстынктам улады. І ён захавае ўладу любымі мэтадамі.

Беларусь зьменіць свой курс толькі тады, калі ўнутры яе ня будзе чаго есьці і калі мясцовыя начальнікі зразумеюць, што патрэбныя перамены. Пакуль яны не разумеюць, бо Пуцін адкрывае казну і дае Лукашэнку столькі, колькі яму трэба.

Пра тактыку Масквы

У той сыстэме каштоўнасьцяў, да якой належыць Пуцін і яго каманда, сілавы кантроль над тэрыторыяй — гэта самае галоўнае. Яны, як і належыць усходнім правадырам, думаюць прасторай як полем бітвы, а не як прасторай, якую трэба эканамічна разьвіваць.

Пра страхі Крамля

Яны лічаць любога, абранага буйнымі гарадамі, прэзыдэнта (Беларусі) — заходнім стаўленікам, як ва Ўкраіне. І што гэта будзе геапалітычнай паразай, як ва Ўкраіне. Пуціну ягоныя ж сілавікі і «кантора» гэтага не даруюць.

Калі б у Беларусі былі свабодныя выбары, то беларусы выбралі б свайго. А калі свой, які падпарадкоўваецца грамадзянам, — значыць, ня той, хто падпарадкоўваецца Расеі. Гэта азначае перамогу Майдана і надзвычай нэгатыўны сцэнар для Расеі. У Пуціна ёсьць выбар паміж кепскім і жахлівым. Лукашэнка — кепскі, а жахлівае — эўрапейская Беларусь. Гэтага яму не даруюць свае ж.

Дзьмітрый Арэшкін
Дзьмітрый Арэшкін

Пра тое, чаму Пуцін не падтрымаў пратэст, каб стаць «героем беларусаў»

Мог, але ня стаў. Ён любіць мець на стале некалькі варыянтаў вырашэньня праблемы. І такі варыянт у яго быў, кшталту Бабарыкі або Цапкалы. Так ці інакш, гэтыя людзі ўзаемадзейнічаюць з Крамлём, яны ж не ідыёты, яны вымушаныя. Я перакананы, што гэтая тэма абмяркоўвалася, але Пуцін мае свой калідор магчымасьцяў. Ён ня можа пайсьці супраць сваіх сілавікоў, якім зразумелая канцэпцыя Лукашэнкі. Ну не вяртае грошы, ну і што? Калі ты кантралюеш тэрыторыю, то ты зь яе саскрабеш, колькі табе трэба. Для іх жах, што можа быць чалавек, які наладзіць адносіны з Захадам або з NATO.

Пра Бабарыку

У Пуціна быў варыянт з Бабарыкам. З аднаго боку, ён умерана папулярны ў Беларусі, альтэрнатыўна ён падыходзіць і Расеі, бізнэсовец, умее выконваць свае абавязаньні, добрыя сувязі з «Газпромам». Для Пуціна такая пэрсона прымальная. Але не для Лукашэнкі, і калі той загнаў Бабарыку ў турму, то Пуціну давялося прыняць Лукашэнку як факт.

Пра Лукашэнку

Каб захаваць уладу, ён гатовы гыркаць на Маскву, што яна накіравала 30 балбесаў-вагнэраўцаў і хоча пазбавіць улады. А праз два месяцы, калі ён бачыць пагрозу зь іншага боку, ён згадвае пра братэрскія пачуцьці, абдымаецца і нават згодны на ролю малодшага брата. Ён мог будаваць дзяржаву Беларусь, а цяпер будзе перасьледаваць беларускамоўных.

Пра бязьмежныя магчымасьці Крамля

Гэта міталёгія, якую распаўсюджвае сама «чэкісцкая партыя». «Мы ўсё пра ўсіх ведаем», «Мы ніколі не памыляемся», і ўсе павінны іх баяцца. Савецкі страх — гэта аснова іх улады. Насамрэч гэта ўбогая кантора. Яны такія ж паднявольныя і ходзяць у мокрых штанах. Гэтая карпарацыя эфэктыўная толькі ў адным — у падтрыманьні страху. У Беларусі тое самае.

Пра параною ўлады ў Беларусі

З пункту гледжаньня вэртыкалі — людзі павінны баяцца. Яны для іх сьмерды, павінны мець страх перад уладай. Лукашэнка вельмі любіць уладу і разумее правілы гульні. Таму ён паставіў кіраваць сваёй службай бясьпекі, у прыватнасьці, сына. Ён ня будзе піць гарбату абы з кім, як Літвіненка. Ён ня будзе брацца рукою за ручку дзьвярэй без пальчатак. Нездарма ён казаў пра 30 баевікоў з Масквы. Гэта параноя. І тут ФСБ пасуе перад ім, бо сустракае такіх жа.

Пра памяць беларусаў, якія запомняць пазыцыю Масквы падчас рэвалюцыі

Яны будуць гэта памятаць. Дзейнасьць Пуціна прыводзіць да таго, што вобраз рускага чалавека і рускай культуры становіцца таксычным. «Рускі сьвет», пра які так шмат кажа Пуцін, скурчваецца. Учора прайграў выбары прарасейскі прэзыдэнт у Малдове. Гэта што, гульні Захаду? Не. Гэта нармальная тэндэнцыя малдаўскага выбарніка, які хоча жыць, як у Эўропе. Тое самае ў Грузіі, Украіне і Беларусі. Постсавецкая прастора будзе далей распадацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG