Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неяк сорамна было ўцякаць». Пісьменьнік Чарухін расказаў пра затрыманьне на «Пушкінскай»


Канстанцін Чарухін
Канстанцін Чарухін

Канстанціна, інваліда 1 групы, затрымалі разам з жонкай каля мэтро «Пушкінская». У міліцыі ён правёў 17 гадзін.

Канстанцін Чарухін расказвае, што сёлета яго затрымалі ўпершыню. Паезьдзіць у аўтазаку ўжо даводзілася, але даўно, яшчэ ў 2010 годзе. Удзень 15 лістапада Канстанцін разам з жонкай Ганнай нават не пасьпелі дайсьці да месца збору.

«Мы ня ведалі, куды ехаць, — расказвае Канстанцін пра падзеі раніцы нядзелі. — Вырашылі паехаць на Пушкінскую. Запаркавалі там аўтамабіль на праспэкце. Пабачылі, што струмені маладзёнаў ідуць у кірунку мэтро „Пушкінская“. Ужо нешта дзіўнае было, мы запозна крыху пад’ехалі, недзе ў 12.20. Людзі ў абодвух кірунках ужо ішлі. Было незразумела, пачаўся сход ці не. Нам сказалі, што каля мэтро стаяць людзі ў счэпцы. Бусы ўжо езьдзілі туды-сюды. У выніку пад’ехалі аўтазакі зялёныя. Людзі пабеглі, а нам неяк сорамна было ўцякаць. Мы сталі на месцы. АМАПаўцы ў нас спыталіся, ці мы ўдзельнічаем. Я адказаў, што выйшаў паглядзець. Праўду, у прынцыпе, сказаў. Акцыі там не было ніякай. Павалаклі нас. Але прыстойна было, нікога ня білі. Магчыма, таму, што людзі ва ўзросьце ўсе былі».

Па словах Канстанціна і яго жонкі Ганны, адна з жанчын у аўтазаку вельмі нэрвавалася і пастаянна прасіла сілавікоў выпусьціць яе на волю. Урэшце самлела. АМАПаўцы вывелі яе з аўтазаку, спынілі хуткую і перадалі жанчыну мэдыкам. Пасьля гэтага ўсіх затрыманых яшчэ нейкі час вазілі па горадзе, а потым перасадзілі ў іншы аўтазак і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.

«Я спрабаваў лічыць людзей, — расказвае Канстанцін. — Налічыў 50 чалавек у першай партыі. Верагодна, там некалькі соцень за ўвесь час прайшло. Спачатку нас паставілі тварам да сьцяны, потым было лагадней. Вада была ў бутэльках, у прыбіральню дазвалялі схадзіць. Маладыя супрацоўнікі ставіліся адэкватна. Адзін толькі быў афіцэр, які чапляўся да людзей, падвышаў голас. Некалькі чалавек былі паламаныя. Але іх ня там пабілі, а такімі ўжо прывезьлі. Іх прывозілі сілавікі ў камуфляжы. Адзін хлопец з паламанай нагой быў, адзін стаяў з паламанай рукой. Ён ні пра што не прасіў, як сапраўдны беларус. Толькі калі супрацоўнікі самі спыталі, што зь ім, тады расказаў. Яму выклікалі лекара».

Па словах Канстанціна і Ганны Чарухіных, настрой ва ўсіх затрыманых быў бадзёры, нармальны. Нават у пабітых.

«Мне з маім пратэзам афіцэры адразу крэсла выставілі, — кажа Канстанцін (у яго няма нагі і рук. — РС). Некаторым людзям дазволілі сядзець. Колькі зэдлікаў было, столькі сядзела людзей. Апытвалі мяне двойчы. Першы раз быў малодшы афіцэр, задаваў дзіўныя пытаньні. Накшталт таго, ці атрымлівалі мы ўзнагароду за ўдзел. Ці блякавалі дарогу. На пытаньне пра ўзнагароду я сказаў, што так, спадзяваўся. Афіцэр удакладніў, на якую менавіта, падрыхтаваўся запісваць. Я кажу — спадзяваўся на валадарства нябеснае. Ён падзавіс крыху. Потым сказаў, што няверуючы».

У выніку на Чарухіных склалі стандартныя пратаколы па артыкуле 32.14 Адміністрацыйнага кодэксу — крычалі «Жыве Беларусь», удзельнічалі ў акцыі. Канстанцін гаворыць, што дапісаў у канцы свайго пра тое, што зь яго зьместам нязгодны. Сьведкам у яго выступіў чалавек зь іменем Александровіч Аляксандар Аляксандравіч. Як і амаль ва ўсіх іншых затрыманых. Дзеля разнастайнасьці трапляўся яшчэ сьведка Іваноў Іван Іванавіч. Аформілі Канстанціна Чарухіна апошнім, У РУУС ён агулам правёў каля 17 гадзін. Жонку Ганну адпусьцілі раней — пасьля 12 гадзін. Таксама з пратаколам.

«У аўтазаку адна жанчына спрабавала размаўляць з АМАПам, — расказвае Ганна Чарухіна. — Гаварыла ім, як яна працуе, як яна падаткі выплачвае. Што яна зрабіла для гэтай краіны, што ёй шкада, што АМАП толькі і ўмее, што нас біць. АМАП зь цікаўнасьцю на нас глядзеў. Ім цікава, што мы за птушкі, чаму мы ходзім пастаянна, чаго мы хочам. Гаварылі нам, што ў двары іх закідвалі бутэлькамі людзі. Што калі нам ня плацяць, то плацяць некаму іншаму, а намі толькі кіруюць».

Па словах жанчыны, сярод сілавікоў цяпер таксама няма аднароднасьці. Як ёй падалося, ёсьць і такія, хто ўсё разумее.

«Сярод супрацоўнікаў РУУС таксама ня ўсе аднолькавыя, — кажа Ганна. — Ёсьць маладыя, актыўныя, спрабавалі нас „выхоўваць“. А былі такія, якія наадварот. Якія ўсё разумеюць і не задавалі лішніх пытаньняў. Ёсьць там тыя, у каго ня поўнасьцю мозг атрафаваны... Я супрацоўніку ў РУУС сказала, што гэта адзінае, што мы можам рабіць. Што мы можам толькі выходзіць, рызыкуючы ўсім. І паказаць такім чынам, што мы нязгодныя. Людзям не даюць сабрацца трэці тыдзень, жорстка затрымліваюць. Я думаю, што выходзяць тыя самыя 100 тысяч, проста гэтага ня бачна. Магчыма, нешта прыдумаецца за тыдзень. Перафарматуецца. Будзем спадзявацца на нейкі суд».

Дата і месца суду па справе Канстанціна і Ганны Чарухіных пакуль невядомыя. Іх павінны выклікаць на паседжаньне на працягу бліжэйшых двух месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG