Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я выходжу»: марш памяці Рамана Бандарэнкі. Што адбываецца ў Беларусі на 99-ы дзень пратэстаў


Сілавікі ачапілі «плошчу Пераменаў», адкуль не сыходзяць людзі

Коратка

Сёньня ў Менску а 12-й гадзіне чакаецца «Марш сьмелых». Удзельнікі плянуюць зьбірацца каля станцыі мэтро «Пушкінская», каб прайсьці ад месца гібелі першай ахвяры сілавікоў Аляксандра Тарайкоўскага да «двара пераменаў», зь якога выкралі Рамана Бандарэнку, які ад пабояў сканаў у шпіталі. ​

Масавыя пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праходзяць у Менску з 9 жніўня. Прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

21:43 15.11.2020

Онлайн-трансьляцыя скончаная.

Падсумаваньне зь Менскага маршу можна пачытаць і паглядзець тут.

За ўсімі апошнімі навінамі сачыце ў Тэлеграме Свабоды!

21:42 15.11.2020

«Я выходжу»: як у Менску праходзіў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Поўнае відэа

19:45 15.11.2020

На «Плошчы пераменаў» ў Менску камунальнікі пасьля масавых затрыманьняў разабралі мэмарыял забітаму Раману Бандарэнку

У менскім двары ў раёне вуліцы Чарвякова, які назвалі «Плошчай Пераменаў», пасьля разгону акуцыі памяці забітага актыівста Рамана Бандарэнкі і затрыманьня сотняў людзей, камунальнікі разабралі народны мэмарыял.

У двор на аўтобусе прывезьлі рабочых у аранжавых робах. Яны разьбіраюць мэмарыял. Кветкі выносяць у грузавік.

Чытаць падрабязна тут>>

19:43 15.11.2020

На просьбы міліцыі людзі адказвалі «Жыве Беларусь». У Горадні сотні людзей ушанавалі памяць забітага Рамана Бандарэнкі

Гарадзенцы ўшанавалі памяць загінулага падчас пратэстаў Рамана Бандарэнкі 15 лістапада. Дзясяткі чалавек затрымалі. Байцы пускалі газ. Мэмарыялы з кветак і сьвечак разабралі.

Каля 300-400 гарадзенцаў прыйшлі ўдзень нядзелі да помніка на месцы ўзарванай Фары Вітаўта. Туды людзі некалі дзён прыносілі кветкі, сьцягі, лямпадкі, партрэты Рамана Бандарэнкі, прыходзілі памаліцца і ўшанаваць загінулага хлопца. Гарадзенцы пачалі скандаваць «Жыве Беларусь», «Я выходжу».

Чытаць падрабязна тут>>

18:49 15.11.2020

Грамадзтва адаптуецца да гвалту. Некалькі высноў зь нядзельнага маршу

Трэцюю нядзелю пратэстоўцам не ўдаецца арганізаваць шэсьце. Сілавікі разганяюць, разьбіваюць людзей на асобныя групы, не даюць сабрацца ў адным месцы.

Сёньня супрацоўнікам МУС, здаецца, упершыню ад жнівеньскіх дзён удалося зрабіць зачыстку. Забойства Рамана Бандарэнкі ня стала, як думалі многія, каталізатарам масавага грамадзкага выбуху абурэньня. Выбух быў, але ў звыклых для апошніх трох тыдняў маштабах.

Чаму так адбываецца? Піша Валер Карбалевіч.

Чытаць падрабязна тут>>

17:47 15.11.2020

Паводле канала @spiski_okrestina, гендырэктара расейскага выдавецтва «Время» Барыса Пастэрнака адпусьцілі з Фрунзэнскага РУУС, але стаіць пазнака «крымінальная».

У сьпісах «Вясны» тым часам ужо 459 затрыманых па ўсёй Беларусі.

17:42 15.11.2020

Затрымалі каля 420 удзельнікаў акцыяў памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах Беларусі. ФОТА і ВІДЭА

Супраць людзей на «Пушкінскай» сілавікі прымянілі сьлезацечны газ.
Станам на 17.30 Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў каля 420 прозьвішчаў затрыманых каля станцыі мэтро «Пушкінская», побач з народным мэмарыялам загінуламу ў першыя дні пратэстаў Аляксандру Тарайкоўскаму.

Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Натальля Ганусевіч пацьвердзіла агенцтву «Інтэрфакс» інфармацыю пра затрыманьні на акцыі пратэсту ў Менску ў нядзелю.

Чытаць больш тут>>

17:40 15.11.2020

Былы прэм'ер Бэльгіі заклікаў да міжнароднага трыбуналу ў справе Беларусі

Гі Вэргофстат, былы прэм’ер-міністар Бэльгіі, шматгадовы лідэр фракцыі лібэралаў у Эўрапапарлямэнце і ў дадзены момант яго дэпутат, заклікаў Эўразьвяз узмацніць ціск на Беларусь.

«Новая хваля гвалту ў Беларусі. ЭЗ можа і павінен зрабіць больш: санкцыі, гуманітарны калідор для пацярпелых і бязьвізавы рэжым, салідарнасьць і падтрымка СМІ, міжнародны трыбунал». – напісаў ён у сваім Твітэры.

Ён зьвярнуўся да кіраўніка дыпляматыі ЭЗ Жузэпа Бурэля і запатрабаваў неадкладна ўзьняць гэтыя пытаньні зь міністрамі замежных справаў краіна ЭЗ.

17:11 15.11.2020

У Менску затрымалі выдаўца кніг Алексіевіч і Салжаніцына

Пра гэта ў сваім Фэйсбуку паведаміў беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка.

«Толькі што ў Менску затрыманы мой выдавец Барыс Натанавіч Пастэрнак. Барыс Пастэрнак — вялікі выдавец! Выдавец Сьвятланы Алексіевіч, Міхаіла Жванецкага, Аляксандра Салжаніцына, Алега Паўлава, Аляксандра Чудакова і многіх іншых. Барысу Натанавічу 76 гадоў».

Дачка Барыса Пастэрнака Яўгенія на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пацьвердзіла затрыманьне бацькі. Гэта, паводле яе, адбылося каля 14:00 у раёне вуліцы Прытыцкага.

З 2005 году Барыс Пастэрнак узначальвае выдавецкі дом «Время».

17:07 15.11.2020

У Беларусі сёньня затрымалі ўжо 16 журналістаў

У Беларусі затрымалі ўжо 16-га журналіста за сёньня — Ігара Карнея ў Менску, піша БАЖ.

16:45 15.11.2020

Ужо 328 затрыманых у Беларусі за сёньня

Праваабаронцам цяпер вядомыя 328 імёнаў затрыманых падчас акцыяў пратэсту 15 лістапада ў Беларусі, зь іх 257 у Менску.

16:26 15.11.2020

Сілавікі разагналі пратэстоўцаў на «плошчы Пераменаў», шмат затрыманых

На «плошчы Пераменаў» пачалася «зачыстка», пратэстоўцаў выхопліваюць па адным, цягнуць у аўтобусы і аўтазакі, мужчын і жанчын. Зрываюць сьцягі, б’юць лямпадкі, зрываюць намёты. Неўзабаве на «плошчы Пераменаў» засталіся толькі сілавікі. Шмат затрыманых.

Пасьля разгону і затрыманьняў на «плошчы Пераменаў» з суседняга дома выйшла жанчына, запаліла сьвечку і паставіла да мэмарыялу.

Сілавікі застаюцца ля «плошчы Пераменаў», ходзяць па дамах. Некаторых людзей затрымліваюць проста ў будынках.

16:14 15.11.2020

У Горадні прыбралі мэмарыял Бандарэнку

16:07 15.11.2020

У раёне «плошчы Пераменаў» адключылі інтэрнэт

Паступіла інфармацыя пра адключэньне праваднога інтэрнэту ў раёне «плошчы Пераменаў», паведамляе «Белсат». Стрым тэлеканалу «Белсат» адтуль перарваўся.

Назад ад Арлоўскай бяжыць са шчытамі вялікая група сілавікоў. Людзі сталі ў счэпку.

Калёны сілавікоў далей рухаюцца на «плошчу Пераменаў», іх ужо больш, чым пратэстоўцаў.

16:04 15.11.2020

У Менску затрымалі намесьніка дырэктара РНПЦ анкалёгіі

У Менску затрымалі намесьніка дырэктара РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Паўла Маісеева, піша канал лекараў «Белые халаты». Ён у Маскоўскім РУУС

16:00 15.11.2020

У Нясьвіжы трэці дзень ушаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі

15:58 15.11.2020

Сілавікі атачылі «плошчу Пераменаў»

Сілавікі бяруць у атачэньне «плошчу Пераменаў». «Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго», – скандуюць людзі. Сілавікі ідуць шчыльным кардонам, у некаторых у руках зброя. На «плошчы Пераменаў» зноў зьявіўся вадамёт.

Людзей ля мэмарыялу Бандарэнкі стала меней, яны крычаць: «Выходзьце!», «Далучайся!»

Тым часам частка пратэстоўцаў са сьцягамі выйшла на бульвар Шаўчэнкі, каля 500 чалавек, скандуюць «Жыве Беларусь!»

15:46 15.11.2020

У Горадні ля Фарнага касьцёла ўшаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі

У Горадні каля Фарнага касьцёла гарадзенцы прынесьлі кветкі і лямпадкі, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Да іх падышлі міліцыянты, прыехала аварыйная машына, каб прыбраць мэмарыял. Гарадзенцы сварацца зь міліцыяй: «У нас нават злачынствы не расьсьледуюць».

15:41 15.11.2020

На «плошчы Пераменаў» мужчына напаў на журналіста, сілавікі акружылі пратэстоўцаў

На «плошчы Пераменаў» нейкі мужчына напаў на карэспандэнта Tut.by, спрабаваў душыць матузком ад рэдакцыйнага бэйджу. Ён жа разьбіў плітку, каб кідаць у бок сілавікоў. Людзі сталі скандаваць, што ён правакатар, і вывелі з двара.

Тым часам сілавікі заехалі з тылу «плошчы Пераменаў», узялі ў ціскі пратэстоўцаў, паведамляюць сьведкі.

15:40 15.11.2020

У Мазыры адбыўся «хапун»

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG