Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намёты, жанчыны з парасонамі, народныя мэмарыялы. Якія акцыі супраць рэпрэсій прайшлі 14 лістапада


Кветкі памяці Рамана Бандарэнкі і Аляксандра Віхора ўсклалі каля гомельскага касьцёла. Ілюстрацыйнае фота.
Кветкі памяці Рамана Бандарэнкі і Аляксандра Віхора ўсклалі каля гомельскага касьцёла. Ілюстрацыйнае фота.

У Менску і іншых населеных пунктах Беларусі 14 лістапада праходзяць стыхійныя акцыі супраць палітычных рэпрэсій.

У тэлеграм-каналах зьяўляюцца фота і відэа, на якіх людзі выходзяць на вуліцы з кветкамі, сьвечкамі і плякатамі.

Днём па цэнтры сталіцы ўздоўж праспэкта Незалежнасьці гулялі жанчыны з чырвона-белымі парасонамі і кветкамі ў руках. Да некаторых зь іх пад’яжджалі сілавікі на мікрааўтобусах, размаўлялі зь імі і зьяжджалі.

Сярод людзей, якія гулялі, была заўважаная вядомая актывістка Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам.

У раёне станцыі мэтро «Усход» людзі сталі ў ланцуг з кветкамі і плякатамі «Я выходжу».

Невялікі ланцуг людзей з плякатам «Стоп фашызму» стаяў уздоўж МКАД у раёне вёскі Вялікае Сьціклева.

У тэлеграм-каналах людзей запрашалі ўскласьці кветкі ў Менску да мэмарыялаў Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская» і Рамана Бандарэнкі на сымбалічнай «плошчы Перамен» на вуліцы Чарвякова.

У мікрараёне Серабранка ў падземным пераходзе арганізаваны мясцовы мэмарыял у гонар загінулых ад дзеяньняў сілавікоў. Каб яго не разбурылі, тут дзяжураць людзі, сюды прыносяць кветкі і сьвечкі.

На сымбалічнай «плошчы Перамен» на вуліцы Чарвякова ў Менску сёньня зьявіліся намёты, у якіх начуюць неабыякавыя людзі — яны ахоўваюць ад зьнішчэньня створаны тут мэмарыял Рамана Бандарэнкі. Другі дзень запар на «плошчы Перамен» зьбіраецца шмат людзей.

У некаторых мікрараёнах сёньня заўважаныя работнікі камунальных службаў, якія прыбіралі народныя мэмарыялы.

Мэмарыялы Рамана Бандарэнкі створаныя таксама ў Баранавічах, Ляхавічах (Берасьцейская вобласьць), Гомелі, Горадні.

На відэа з Наваполацку (Віцебская вобласьць) зьнятая калёна ўдзельнікаў праўладнага аўтапрабегу, якая павольна рухаецца ўздоўж ланцуга людзей з партрэтамі Рамана Бандарэнкі.

Студэнты сёньня распаўсюджвалі па сваіх унівэрсытэтах улёткі з прозьвішчамі затрыманых сакурснікаў і інфармацыяй пра іх.

У МДЛУ прайшлі два мерапрыемствы — пікет у падтрымку ўсіх арыштаваных і памяці забітых актывістаў у Беларусі і акцыя салідарнасьці з затрыманымі студэнтамі.

У сацсетках людзі таксама дзеляцца фатаграфіямі і відэа з удзелам Бандарэнкі.

Жыхары сталічнага мікрараёну Шабаны правялі сёньня футбольны матч, прысьвечаны яго памяці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG