Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўка ды Грышка пра масавыя арышты і «Мордар»


Героі Лявона Вольскага разам сьпяваюць пра масавыя арышты
ў Беларусі, якія працягваюцца ўжо месяцамі, і пра «дзяржаву для народу».

Канцэрты на раёнах
І маршы па выходных.
Ня знойдзецца ніводны,
Хто б не шпацыраваў.
Сьцяг займеў кожны раён,
Бел-чырвона-белы ён.
І графіці мільёны
АМОН замаляваў.

Дзяржава для народа,
Калі каротка — «Мордар» —
Народ пакуе цьвёрда
Ці ў бус, ці ў аўтазак.
Той, хто бегаць здольны так,
Як, да прыкладу, сайгак,
Відаць, той мае шанцы,
Астатнія — ніяк.

Аракельян — 15 сутак,
Такінданг — 15 сутак,
Маляваныч — 9 сутак.
Карацей, у іх аншляг.

Калі вас больш за двое,
Рыхтуйцеся да бою.
У сэнсе, лёгка могуць
На мокры яблык зьбіць
Рабацягу і спартоўца,
Пэдагога, навукоўца,
Ды ўсіх, каго заўгодна,
А потым засудзіць.

Суды працуюць спраўна.
Штодня дзясяткі справаў.
Ці штраф, ці то цюрагу
Выпісвае судзьдзя
Хто сядзіць, хто адсядзеў –
Вось такі ў нас падзел,
У нашай сінявокай
Краіне для жыцьця.

Аракельян — 15 сутак.
Такінданг — 15 сутак.
Маляваныч — 9 сутак.
Карацей, у іх аншляг.
Хіжынкова — 12 сутак.
Грузьдзіловіч і Паўлёнак,
Ганін, Краўчанка, Лісецкі,
Безьліч лекараў, музыкаў
І спартоўцаў, і студэнтаў,
І рабочых, і актораў,
І айцішных адмыслоўцаў,
Навукоўцаў, бізнэсоўцаў —
Карацей, у іх аншляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG