Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць былога службоўца АМАП і службы аховы Лукашэнкі. Нібыта ўдарыў міліцыянта


Пратэст у Магілёве. Ілюстратыўнае фота.
Пратэст у Магілёве. Ілюстратыўнае фота.

Экс-амапаўцу пагражае пяць гадоў турмы паводле абвінавачаньня ў зьбіцьці супрацоўніка міліцыі.

У Ленінскім раённым судзе Магілёва 13 лістапада прайшло першае судовае паседжаньне па крымінальнай справе індывідуальнага прадпрымальніка Ўладзімера Шустава. Яго вінавацяць у наўмысным ужываньні гвалту ў дачыненьні да міліцыянта падчас разгону людзей 10 жніўня ў цэнтры Магілёва (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядае судзьдзя Алена Літвіна.

Паводле інфармацыі сайта 6tv.by, пракурор запатрабавала пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму для Ўладзімера Шустава, у мінулым камандзіра падразьдзяленьня АМАП і супрацоўніка службы аховы Лукашэнкі, які абвінавачваецца ў наўмысным ужываньні гвалту ў дачыненьні да міліцыянта падчас разгону людзей 10 жніўня ў цэнтры Магілёва. Падсудны адмаўляе сваю віну.

Інцыдэнт 10 жніўня

Як сьцьвярджае Шустаў, увечары 10 жніўня 2020 году ён разам з дарослым сынам паехаў у цэнтар гораду, каб выпіць піва. У гэты час каля плошчы Зорак, што побач з кінатэатрам «Радзіма», міліцыянты ў бронекамізэльках, шлемах і іншай амуніцыі разганялі людзей, якія знаходзіліся там. Адзін зь іх схапіў ззаду за горла ні ў чым не вінаватага, на думку Шустава, хлопца і пачаў душыць.

Гэта абурыла былога амапаўца, які ўбачыў, як міліцыянты зьбіваюць і затрымліваюць мірных грамадзян. Паводле ягоных слоў, ён ні на кога не нападаў, але пры гэтым атрымаў дубінкай па галаве. Спатыкнуўшыся і падаючы наперад, ён закрануў галавой тулава пацярпелага ўчастковага інспэктара міліцыі Аляксандра Шмаянкова, які стаў побач, а затым, спрабуючы ўтрымацца, ухапіўся за яго ногі. З гэтай прычыны міліцыянт упаў на ягадзіцы.

Што кажа пацярпелы міліцыянт

Па словах жа Шмаянкова, ён казаў Шуставу і іншым грамадзянам пакінуць плошчу Зорак, пры гэтым нікога ня біў. У сваю чаргу, Шустаў нібыта нечакана ўдарыў яго галавой у бронекамізэльку, а потым захапіў рукамі ногі.

Тады ж былога амапаўца і яго сына затрымалі і асудзілі на адміністрацыйны арышт па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Уладзімер Шустаў затым стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Судзьдзя адхіліла хадайніцтвы Шустава

У гарадзкой бальніцы хуткай мэддапамогі 10 жніўня дыягнаставалі ў абвінавачанага страсеньне галаўнога мозгу, і ён напісаў заяву аб зьбіцьці. Вынікі праверкі па заяве да гэтага часу ні яму, ні яго адвакату не вядомыя. Шмаянкоў жа пра тое, што ў дачыненьні да яго быў ужыты гвалт, напісаў толькі ў ноч з 11 на 12 жніўня. Пры гэтым пра нейкія цялесныя пашкоджаньні ва ўчастковага міліцыянта гаворкі не ідзе.

На судзе быў прагледжаны відэазапіс, які, як сьцьвярджаюць падсудны і ягоны адвакат, ніяк не адпавядае апісаньню і інкрымінаванаму дзеяньню. Судзьдзя Алена Літвіна 13 лістапада адхіліла ўсе хадайніцтвы Шустава, на падставе якіх, па яго словах, можна зрабіць выснову аб яго невінаватасьці.

У спрэчках пракурор заявіла, што лічыць віну падсуднага ва ўжываньні гвалту да Шмаянкова як да прадстаўніка ўлады даказанай, і прасіла прызначыць Шуставу пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму. Адвакат сказаў, што віна ягонага падабароннага не даказаная, і прасіў таму вынесьці апраўдальны прысуд.

У сваім апошнім слове былы амапавец папрасіў прабачэньня ў сваёй жонкі, якая разам з сынам прысутнічала ў залі суду. Зьвяртаючыся да пацярпелага, ён сказаў:

«Вам далі каманду, і вы яе выканалі. І дрэнна выканалі. Вы парушылі закон. Я закон не парушаў. Я невінаваты. У мяне ўсё».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG