Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы людзей пакідаюць Карабах і суседнія раёны. Некаторыя спальваюць хаты


Грузавік на дарозе з Кельбаджару ў Армэнію
Грузавік на дарозе з Кельбаджару ў Армэнію

З пачатку баявых дзеяньняў у верасьні сёлета ў Нагорным Карабаху тэрыторыю непрызнанай рэспублікі і навакольных раёнаў Азэрбайджану пакінула каля 90 тысяч чалавек — гэта афіцыйная статыстыка ўладаў Армэніі. Насельніцтва Карабаха, паводле ацэнак, складала каля 150 тысяч чалавек.

Большая частка жыхароў пакінула горад Стэпанакерт яшчэ да падпісаньня лідэрамі Армэніі і Азэрбайджану пры пасярэдніцтве Расеі пагадненьня аб замірэньні 9 лістапада. Пасьля яго падпісаньня тысячы этнічных армянаў пачалі пакідаць раёны, якія, згодна з умовамі замірэньня, у найбліжэйшым часе маюць быць перададзеныя пад кантроль Азэрбайджану. Да 15 лістапада мае быць перададзены Кельбаджарскі раён, да 20-га — Агдамскі, да 1 сьнежня — Лачынскі (акрамя так званага Лачынскага калідору).

Усе гэтыя тэрыторыі заставаліся пад армянскім кантролем з пачатку 1990-х гадоў. Тады іх пакінула азэрбайджанскае насельніцтва.

У сацыяльных сетках зьявіліся відэа, на якіх можна пабачыць, як некаторыя жыхары, перад тым як зьехаць, спальваюць свае дамы. Адзін такі эпізод трапіў у рэпартаж Бі-бі-сі.

Некаторыя ўцекачы з Нагорнага Карабаху праводзяць у Ерэване акцыі пратэсту, абвінавачваючы ўрад Армэніі ў тым, што той пагадзіўся на цяжкія ўмовы міру, — паведамляе «Настоящее время».

Улады Азэрбайджану сьцьвярджаюць, што не настойваюць на выезьдзе армянскага насельніцтва Карабаху і навакольных раёнаў, аднак не прапануюць яму якога-небудзь адмысловага статусу.

Згодна з дамоўленасьцямі аб замірэньні, па пэрымэтры часткі тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую Азэрбайджан падчас вайны ня ўзяў пад кантроль, будуць разьмешчаныя расейскія міратворцы. Пакуль што гэтыя раёны застаюцца пад кантролем армянскіх уладаў непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі. Мэр Стэпанакерту Артур Саргсьян заявіў, што 20-30 працэнтаў насельніцтва гораду пасьля спыненьня баявых дзеяньняў у яго вярнулася.

У пятніцу расейскія СМІ паведамілі, што расейскія міратворцы прыбылі ў Стэпанакерт.

Расейскія вайскоўцы выставілі блёкпост на дарозе з Стэпанакерту ў Шушу (гэты горад пад кантролем Азэрбайджану) і яшчэ шэраг пастоў па пэрымэтры лініі судакрананьня бакоў у Нагорным Карабаху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG