Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт заявіў, што Бандарэнка быў п’яны


Будынак Сьледчага камітэту ў Менску

Сьледчы камітэт выклаў сваю вэрсію падзей. Яна ў цэлым супадае з учорашняй вэрсіяй міліцыі: міліцыянты пасьля бойкі грамадзян знайшлі мужчыну з траўмамі, даставілі ў пастарунак і выклікалі «хуткую». З новага — заява, што мужчына быў пʼяны. Суполка мэдыкаў у Telegram​ выклала дакумэнт, зь якога вынікае, што Бандарэнка быў зусім цьвярозы.

СК не называе імя загінулага, але відавочна, што вядзецца пра Рамана Бандарэнку.

«Сьледчы камітэт Беларусі высьвятляе абставіны сьмерці 31-гадовага мужчыны.

Паводле зьвестак сьледзтва, 11 лістапада ў міліцыю прыйшло паведамленьне пра тое, што ў двары дому на вуліцы Чарвякова ў Менску адбылася бойка паміж агрэсіўна настроенымі мясцовымі жыхарамі, якія вешалі стужкі, і асобамі, якія іх здымалі.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, знайшлі мужчыну зь цялеснымі пашкоджаньнямі і прыкметамі алькагольнага апʼяненьня.

Мянчук быў дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС г. Менску для высьвятленьня абставінаў здарэньня.

У сувязі з пагаршэньнем самаадчуваньня мужчыны праваахоўнікі выклікалі яму хуткую мэдычную дапамогу. Мянчук быў агледжаны мэдыкамі, пасьля чаго шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя, дзе пры першасным аглядзе разам зь цялеснымі пашкоджаньнямі ў яго дыягнаставалі алькагольную інтаксыкацыю.

На наступны дзень, нягледзячы на аказаную мэдычную дапамогу, мужчына сканаў.

На месца здарэньня выбывала сьледча-апэратыўная група. Для высьвятленьня дакладнай прычыны сьмерці прызначана судова-мэдычная экспэртыза, вынятая неабходная мэдычная дакумэнтацыя, аналізуюцца відэазапісы, разьмешчаныя ў інтэрнэце.

Паводле гэтага факту сьледчым упраўленьнем УСК па г. Менску праводзіцца праверка».

Адразу пасьля заявы СК тэлеграм-канал «Белыя халаты» апублікаваў фота выпіскі, зь якой вынікае, што алькаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі не было.

Адзін са сьведак здарэньня, расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы. Невядомыя ў той час працягвалі зразаць стужкі».

Мінстэрства ўнутраных спраў 12 лістапада назвала нападнікаў «неабыякавымі грамадзянамі»

«‼️ МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзеньня да навакольных сваёй асабістай думкі датычна сваёй палітычнай пазыцыі вывешваюць, малююць, наклейваюць несанкцыянаваную сымболіку на фасадах будынкаў, гарадзкіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і да таго падобнае. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі прыкрымі, разьбіраецца МУС», — гаварылася ў завяве МУС.

Сьцісла. Што здарылася

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі «хуткую».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG