Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жонцы заблякавалі рахунак, куды прыходзяць „дзіцячыя“ грошы». Сьпісаньне дапамогі ад ByHelp улады тлумачаць крымінальнай справай


Раман і Аліна Зайцавы
Раман і Аліна Зайцавы

Сярод тых, каму заблякавалі рахунак пасьля атрыманьня дапамогі ад кампаніі By_help, аказалася сям’я Рамана Зайцава, моцна параненага гранатай ля стэлы 9 жніўня.

Пра тое, што рахунак ягонай жонкі Аліны заблякаваны, Раман даведаўся яшчэ да розгаласу ў інтэрнэце.

«Грашовую дапамогу атрымлівала мая жонка, на свой уласны рахунак, — кажа ён. — Тыя грошы мы зьнялі ўжо, на рахунку не было сродкаў. Учора аказалася, што рахунак заблякаваны. У банку жонцы сказалі, што гэта ў сувязі зь нейкай крымінальнай справай. Яна паехала даведацца ў наш мясцовы Сьледчы камітэт у Горках. Там сказалі, што блякаваньне рахунку ідзе з Галоўнага ўпраўленьня СК, зь Менску. Мы напісалі на электронную пошту туды, пакуль адказу аб прычынах няма».

Пра тое, што праблемы з рахункамі маюць дзясяткі пацярпелых на акцыях пратэсту, Раман даведаўся толькі ўвечары 10 лістапада ад знаёмага, які прачытаў пра гэта ў інтэрнэце. Прызнаецца, што спачатку падумаў, быццам блякаваньне жончынай карткі неяк зьвязана з расьсьледаваньнем ягонай справы аб раненьні гранатай 9 жніўня.

«Мінусу на рахунку жонкі няма, ён проста заблякаваны, — дадае Раман. — Прынамсі, так было ўчора. Гэта асабісты рахунак маёй жонкі. Ёй туды пералічваюць „дзіцячыя“, яна цяпер у дэкрэце. Мы ня зможам карыстацца гэтымі грашамі. Я спачатку падумаў, што рахунак заблякаваны ў сувязі з расьсьледаваньнем маёй справы, за 9 жніўня. Але аказалася, што не».

Цяпер Раман з Алінай чакаюць тлумачэньняў ад Цэнтральнага апарату СК у Менску. Як ідзе расьсьледаваньне справы аб ягоным раненьні, Раман па-ранейшаму ня ведае. Новы сьледчы так зь ім і не зьвязаўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG