Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Галоўчанка абураны прапановамі адабраць у беларускіх уладаў чэмпіянат сьвету ў хакеі


Раман Галоўчанка.

Пэўныя сілы спрабуюць выкарыстоўваць ЧС-2021 у хакеі для шантажу і ціску на Беларусь, заявіў прэмʼер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэньні аргкамітэту для падрыхтоўкі і правядзеньня ЧС-2021 у сераду, паведамляе «​Інтэрфакс».

«Спробы дыскрэдытаваць Беларусь як арганізатара мерапрыемства працягваюцца. Сёньня пэўныя сілы спрабуюць выкарыстаць правядзеньне чэмпіянату як інструмэнт пэўнага шантажу і ціску. Мы да гэтага гатовыя», — сказаў Галоўчанка.

Відэафрагмэнт пасяджэньня аргкамітэту разьмясьціла ў сваім Facebook прэс-сакратарка беларускага ўраду Аляксандра Ісаева.

«Тым ня менш мы павінны быць гатовыя. Павінен быць альгарытм дзеяньняў у выпадку прыняцьця рашэньня аб зьмене фармату чэмпіянату, у тым ліку правядзеньня яго цалкам на тэрыторыі Беларусі. Міністэрства спорту і турызму заяўляе пра гатоўнасьць да такога фармату. Відавочна, што для гэтага спатрэбяцца і дадатковае фінансаваньне, і мабілізацыя дадатковых рэсурсаў»,— сказаў Галоўчанка.

Паводле яго, у найбліжэйшы час чакаецца даклад аб рабоце групы экспэртаў, якая была створана Міжнароднай фэдэрацыяй хакею для ацэнкі сытуацыі.

Важным аспэктам, які трэба ўлічыць пры падрыхтоўцы да ЧС, прэмʼер назваў таксама эпідэмічную сытуацыю.

16 кастрычніка пытаньне пераносу або байкатаваныя чэмпіянату ў хакеі ў Менску на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў супраць беларускіх спартоўцаў абмяркоўваўся на сустрэчы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай зь міністрамі замежных спраў Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG