Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праблема каранавірусу проста ігнаруецца». Студэнты БДУІР дамагаюцца пераводу на дыстанцыйнае навучаньне, дэканат адмаўляе


Ілюстрацыйнае фота. Страйк студэнтаў БДУІР, 25 кастрычніка 2020 году

У адной групе 3 курсу факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня — 4 выпадкі каранавірусу. У другой захварэлі двое, а адна дзяўчына — кантакт першага ўзроўню. Студэнты мяркуюць, што дэканат ігнаруе праблему з COVID-19.

На думку студэнта 3 курсу ФІТіК, дэканат робіць выгляд, што інфармацыя з паліклінікі ці санстанцыі пра каранавірус у студэнтаў да яго не даходзіць.

«У пятніцу ў нашай групе пацьвердзіўся першы выпадак каранавірусу. Мы прыйшлі да намесьніцы дэкана, яна сказала, што ніхто з паліклінікі не паведамляў пра каранавірус. У панядзелак у нашай групе — яшчэ адзін пацьверджаны выпадак. Да таго ж адна дзяўчына некалькі дзён таму зьезьдзіла на выходныя на „малую радзіму“, вярнулася — і ў той жа дзень даведалася, што ў бацькоў пацьвердзіўся каранавірус. То бок яна — кантакт першага ўзроўню.

У панядзелак адна група зь іншага патоку, дзе 4 чалавекі захварэлі, таксама папрасіла перавесьці іх на дыстанцыйнае навучаньне. Але сёньня намесьніца дэкана патэлефанавала і сказала ісьці на пары», — кажа студэнт.

«Наш дэкан і ўвесну не прызнаваў праблему з каранавірусам»

Цяпер студэнты з гэтай групы зьбіраюць подпісы, каб перадаць заяву аб пераводзе на дыстанцыйнае навучаньне адразу ў рэктарат, бо дэканат факультэту на іх звароты не рэагуе. Яны сьцьвярджаюць, што на іншых факультэтах, нават калі толькі адзін чалавек захварэе на СОVID, студэнтаў пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне.

«Наш дэкан Леанід Шылін і ўвесну не прызнаваў праблему з каранавірусам. Калі была першая хваля каранавірусу, факультэт інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня апошнім у БДУІР перайшоў на дыстанцыйнае навучаньне. І цяпер праблема каранавірусу проста ігнаруецца.

Адна група напісала заяву адразу на імя прарэктара. Заяву спусьцілі ў дэканат, і гэта спрацавала. Іншыя групы таксама так зрабілі — напісалі ў рэктарат, але гэта ўжо не спрацавала. Дэканат кажа, што нічога зьверху не прыходзіла», — кажа студэнт.

Дэканат сытуацыю не камэнтуе

На патоку ў БДУІР — па 140 студэнтаў, яны слухаюць лекцыі ў адной вялікай аўдыторыі. Праўда, з панядзелка ва ўнівэрсытэце павесілі абвестку пра ўвядзеньне масачнага рэжыму.

Намесьніца дэкана факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня Вікторыя Прыгара, зь якой студэнты кантактуюць і якая сёньня ім сказала «ісьці на пары», адмовілася пракамэнтаваць сытуацыю Свабодзе.

«Я ніякіх камэнтароў даваць ня буду, Зьвяртайцеся ў прэс-службу», — заявіла Вікторыя Мікалаеўна і паклала слухаўку.

Пасада кіраўніка прэсавай службы БДУІР вакантная.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG