Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць жанчыну, якая ўкусіла байца АМАПу падчас разгону акцыі. Ёй пагражае да 6 год турмы


Жаночы гранд-марш салідарнасьці, Менск, 29 жніўня.
Жаночы гранд-марш салідарнасьці, Менск, 29 жніўня.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачалі разглядаць справу супраць жанчыны, якая падчас разгону ўкусіла АМАПаўца.

Падсуднай Натальлі Раентавай паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да шасьці гадоў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

10 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхаркі Менску Натальлі Раентавай, якая пры затрыманьні ў тралейбусе пасьля Жаночага маршу салідарнасьці 29 жніўня ўкусіла супрацоўніка АМАПу за сьцягно. Момант жорсткага затрыманьня трапіў на відэа.

Справу кваліфікавалі як гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», да суду Натальлю Раентаву ўтрымлівалі ў Жодзінскім ізалятары.

Пацярпелым прызнаны старшы прапаршчык менскага АМАПу Андрэй Хоміч.

Суд над Натальляй Раентавай, Менск, 10 лістапада.
Суд над Натальляй Раентавай, Менск, 10 лістапада.

Па матэрыялах справы, дзяўчына нібыта нанесла яму сваім укусам гематомы. Іх аднесьлі да цялесных пашкоджаньняў, якія не прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасьці. На судзе Хоміч прысутнічаў асабіста. Яго допыт доўжыўся каля паўтары гадзіны.

На працэсе супрацоўнік АМАПу заявіў грамадзянскі пазоў — пакрыцьцё шкоды 2000 рублёў. Ён патлумачыў што ягоныя пакуты выявіліся ў тым, што відэа трапіла ў сацсеткі «карнікі», і ад гэтага пацярпелі яго блізкія.

Натальля Раентава адмовілася адказваць на пытаньні суду, таму дзяржаўны абвінаваўца зачытваў яе паказаньні, дадзеныя падчас папярэдняга сьледзтва. З матэрыялаў справы і допытаў падчас сьледзтва вядома, што дзяўчына віны не прызнае.

Праваабаронца «Вясны» Аляксей Лойка, які вёў маніторынг працэсу, расказаў, што супрацоўнік АМАПу Хоміч даваў паказаньні невыразна. Пацярпелы расказаў на судзе, што ў той дзень усе распараджэньні і загады вусна даваў камандзір АМАПу, але прозьвішча яго не назваў.

«Судзьдзя Акавітая здымала пытаньні адвакаткі Натальлі Раентавай, спасылаючыся на тое, што пацярпелы адказаў на пытаньне аб дэталях затрыманьня. Яна тым самым аказала заступніцтва боку, прызнанаму пацярпелым. Таксама здымаліся пытаньні самой Натальлі, якая задавала з клеткі пытаньні пацярпеламу адносна таго, што было ў тралейбусе», — адзначае Аляксей Лойка.

Працяг суду 11 лістапада.

Што здарылася на Жаночым маршы?

29 жніўня ў Менску праходзіў Жаночы марш салідарнасьці. Супрацоўнікі АМАПу і невядомыя людзі ў масках затрымалі брата і сястру Натальлю і Аляксандра Раентавых проста ў тралейбусе.

Пасьля гэтага іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 і 15 сутак. Аднак гісторыя перасьледу для Натальлі на гэтым ня скончылася. Пасьля 12-суткавага арышту яе адпусьцілі, але неўзабаве зноў затрымалі. Байцы АМАПу прыехалі дадому з аўтаматамі, у масках, скруцілі і забралі, распавядала яе маці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG