Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дрэнна для норак — добра для людзей». Чым пагражаюць новыя мутацыі каранавірусу


У Даніі, найбуйнейшым у сьвеце вытворцы норкавага футра, выявілі 214 выпадкаў перадачы каранавірусу ад норак чалавеку.

Раней дацкія навукоўцы паведамлялі, што ад гэтых жывёлаў чалавеку перадаецца вірус, які зазнаў мутацыю: ён менш адчувальны да антыцелаў, якія змагаюцца з інфэкцыяй. На думку дацкіх лекараў, такая мутацыя можа зьнізіць эфэктыўнасьць любой будучай вакцыны ад каранавірусу. Улады Даніі маюць намер увесьці карантын у некаторых раёнах краіны і забіць 17 мільёнаў норак у якасьці меры засьцярогі.

Ірына Якуценка, малекулярны біёляг, аўтар кнігі «Вірус, які зламаў плянэту», расказала вядучаму «Настоящего времени» Цімуру Алеўскаму, наколькі небясьпечным для чалавека можа быць вірус, які зазнаў мутацыю.

— Што адбылося зь вірусам?

— Мы ня можам сказаць, таму што ў нас ёсьць толькі заява дацкага прэм’ер-міністра, нейкіх дацкіх санітарных лекараў, але няма публікацыяў. Мы ня бачым, як ён зьмяніўся, у нас няма артыкулаў для таго, каб навукоўцы, вірусолягі, біяінфарматыкі маглі прааналізаваць, ці адбываюцца там зьмены.

— А што магло б быць, калі выказаць здагадку, што былі зьмены? Пры чым тут наогул жывёлы?

— Мы мяркуем, што зьмены былі, на жаль, таму што ў нас ёсьць сьведчаньні зь Нідэрляндаў, дзе некалькі месяцаў таму адбылося прыкладна тое ж самае — там ужо ўсыпілі 600 тысяч норак. Там таксама было даволі шмат фэрмаў норак, і там тое ж самае адбывалася: пачаліся ўспышкі на розных фэрмах. Практычна ўсе працаўнікі гэтых фэрмаў захварэлі. У адным артыкуле, які быў апублікаваны ў Нідэрляндах — там спэцыялісты САЗ бралі ўдзел у гэтай працы, — прасачылі, як зьяўляўся вірус у норак, як ён зьяўляўся ў людзей, у якой пасьлядоўнасьці, і глядзелі на мутацыі.

— Чым пагражаюць мутацыі?

— Тут два цікавыя моманты. Першы — ці заразіліся людзі ад норак, ці не. А другі — пра мутацыі. Пачнём з другога. Чаму мутацыі небясьпечныя? Мы атрымалі гэты вірус ад кажаноў. Дасьледаваньні паказваюць, што ён у папуляцыі мышэй або нейкіх іншых жывёлаў ужо некалькі дзясяткаў гадоў курсуе. Чаму гэта небясьпечна для людзей? Таму што да нейкіх звыклых вірусаў у людзей выпрацоўваюцца ахоўныя мэханізмы. Самы просты — гэта антыцелавы ахоўны мэханізм. І наступным разам, калі мы сустракаемся з тым жа вірусам, нашы антыцелы ўжо пазнаюць яго і імгненна запускаюць усю сыстэму імуннай абароны, і вірус нас больш не заражае.

Вірус трапляе ад нас у жывёлаў, напрыклад, у норак, а ён трапляе — гэта вядомы факт. Яны добра заражаюцца, таму што іх рэцэптары ACE2, да якіх чапляецца вірус, падобныя да нашых. Падобныя, але ўсё ж такі не зусім такія. Плюс біяхімія норак трошкі іншая. Таму вірус можа трапіць у арганізм норкі, але яму там некамфортна, і ён пачынае неадкладна прыстасоўвацца да новага гаспадара, каб максымальна эфэктыўна заражаць клеткі гэтага новага гаспадара. Такім чынам, ён пачынае мутаваць.

Калі гэты працэс зойдзе вельмі далёка, ён прыстасуецца настолькі добра да норкі, што ня зможа заражаць людзей, — гэта дрэнна для норак, але добра для людзей, таму што тады ён для нас бясьпечны. А вось калі ён спыніцца недзе на прамежкавай фазе, ці хто-небудзь з работнікаў фэрмаў зловіць гэты вірус на прамежкавай стадыі — гэта небясьпечна, таму што гэты вірус ужо не падобны да таго зыходнага вірусу, які калісьці пераскочыў ад чалавека да норкі, але ён усё яшчэ можа заражаць людзей. І тады ён трапляе ў арганізм чалавека, і можа здарыцца так — гэта не абавязкова, але магчыма, — што імунная сыстэма чалавека ўспрыме яго ўжо як новы вірус. І тая абарона, якая была напрацаваная супраць першапачатковага варыянту, акажацца неэфэктыўная супраць гэтага зьмененага вірусу.

— Гэта значыць, вакцыны і ўсё астатняе пачнецца спачатку?

— У найлепшым выпадку — так. Пачынаем усё спачатку, зноў распрацоўваем вакцыну. Але ёсьць варыянт яшчэ розных непрыемных гісторый, калі гэтыя антыцелы супраць зыходнага віруса могуць пагаршаць інфэкцыю новага вірусу. Але гэта толькі пакуль гіпотэза — так званы ADE, эфэкт антыцелазалежнага ўзмацненьня. Пакуль гэта гіпотэзы. Трэба пачакаць артыкулаў і паглядзець, што за мутацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG