Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што яны рабілі, — кашмар». Гісторыі людзей, якім адмовілі ў завядзеньні спраў аб зьбіцьці сілавікамі


Катаваньні на Акрэсьціна. Фота belsat.eu
Катаваньні на Акрэсьціна. Фота belsat.eu

Завяршаюцца тэрміны праверкі па заявах ад пацярпелых у першыя дні пасьля выбараў. Пакуль няма ніводнага выпадку, каб справу завялі.​

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у сьледчыя органы зьвярнулася 1800 чалавек з заявамі пра зьбіцьцё і зьдзекі, зафіксавана больш за 500 выпадкаў катаваньняў.

Праз 3 месяцы сьледчыя павінны або распачаць крымінальную справу, або адмовіць у гэтым.

Свабода выслухала некалькі гісторый — усім зьбітым адмоўлена.

Чацьвёра сутак маці ня ведала, дзе дачка

Студэнтку 5 курсу Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Данату затрымалі ў Берасьці 9 жніўня. Яна сьцьвярджае, што пры затрыманьні жорстка зьбілі. Білі ў аўтазаку, у ізалятары Ленінскага РАУС Берасьця, звазілі ў Бярозу, білі ў спартовай залі вайсковай часткі ў Паўночным гарадку. Адпусьцілі праз 4 дні без пратаколу, але з чэрапна-мазгавой траўмай, шматлікімі драпінамі, гематомамі. Сваякі ўвесь гэты час шукалі дзяўчыну.

9 жніўня пасьля працы Даната зь сябрам Кірылам выйшлі пагуляць. Жыве дзяўчына ў цэнтры, на плошчы Свабоды. Патэлефанавала сяброўка, кажа, што яе мужа забралі каля балетнай школы.

«Мы знайшлі сяброўку, хацелі яе забраць. Паўсюль АМАП. Мы вырашылі ня бегчы, а ісьці павольна. Я азірнулася, пабачыла людзей у чорным, якія пачалі хапаць людзей. Ужылі пярцовы газ, я адразу была дэзарыентаваная. Даюць па нагах, я падаю. Мяне пачынаюць лупцаваць — даволі моцна. Мужыкі, якія бачылі затрыманьне, казалі, што зьбівалі жорстка цягам хвіліны дубінкамі і нагамі», — узгадвае затрыманьне Даната.

У аўтазаку прывезьлі ў Ленінскі ІЧУ. Завялі ў ангар, дзе было каля 40 чалавек. Усіх паставілі тварам да сьцяны. Да раніцы ўсе так і прастаялі. Потым прывялі яшчэ некалькі затрыманых жанчын і загадалі зноў ісьці ў аўтазак.

«Запытваемся ў намесьніка начальніка Ленінскага РАУС Мікалая Самасюка, куды нас вязуць. Ён з ухмылкай кажа: «Вам спадабаецца». Доўга везьлі, апынуліся мы ў Бярозе. Мне было вельмі дрэнна, кружылася галава (як потым высьветлілася, была чэрапна-мазгавая траўма). Жанчыны папрасілі выклікаць мне хуткую, канваір адказаў, што, маўляў, «да суду дажывяце». Праседзелі дзень на голых шконках, у гадзіну ночы кажуць: «Берасьцейскія — на выхад, сваіх бярозаўскіх няма куды саджаць».

Зноў доўга везьлі, прывезьлі ў адзін ізалятар, пачалі марудна афармляць людзей. Месцы скончыліся і там. Данату завезьлі ў вайсковы гарадок, што ў Паўночным. Завялі ў спартовую залю.

«Зьбівалі зноў — заляпілі дубінкай у жывот. Паклалі тварам у падлогу, зноў білі. Пералічылі — нас аказалася 250 чалавек. Паставілі на калені, хадзілі паміж шэрагамі і білі дубінкамі. Толькі падымеш галаву — дадатковы ўдар. У прыбіральню не вадзілі. Ваду далі ў другой палове дня.

Чалавек у вайсковай форме і чырвоным бэрэце сказаў падняць галовы і слухаць яго. Казаў, што калі мы выйдзем і будзем шукаць яго, яго сям’ю ці яго калег, гэта падасца нам кветачкамі. Маўляў, «26 гадоў нам забаранялі вас біць, а цяпер мы адрываемся», — расказвае Даната.

Потым жанчын перавялі ў СІЗА. Адпусьцілі без пратаколу. Усяго ўтрымлівалі Данату 4 сутак. Яна падала заяву ў Сьледчы камітэт, зьняла пабоі: дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія драпіны, гематомы. Прапісалі курс антыдэпрэсантаў.

«Прыйшла адпіска, што я магу азнаёміцца з заключэньнем экспэрта, адзін раз дапыталі, і ўсё. Я разумею, што справу не завядуць. Законы ў нас не выконваюцца. Я спадзяюся толькі на карму.

Гляджу ў вочы АМАПаўца — твар у балаклаве, відаць толькі зрэнкі — вочы проста шалёныя. Тое, што яны рабілі, — кашмар. І застануцца беспакараныя. Людзі ў Берасьці ведаюць, хто страляў у Шутава, хто яго забіў. І таму забойцу нічога ня будзе. А як гэты 22-гадовы хлопец будзе жыць з гэтым?» — разважае Даната.

Дзяўчына абураецца і стаўленьнем да сваякоў затрыманых. Яе маці цэлыя суткі прастаяла пад Ленінскім ІЧУ — ніхто нічога не казаў, дзе дачка. Калі Даната была ўжо ў спартовай залі ў Паўночным гарадку, ёй казалі, што дачка ў Бярозе. Чатыры дні сваякі нічога ня ведалі пра лёс 22-гадовай Данаты.

«Самае жудаснае было, калі везьлі ў Жодзіна: паклалі ў некалькі слаёў, прымушалі ісьці па людзях, моцна зьбілі»

30-гадовага айцішніка Алега затрымалі 10 жніўня ўвечары на праспэкце Пераможцаў — ён ішоў да сябра. Ніякіх акцый і пратэстаў у той час там не было. Да 15-й гадзіны наступнага дня пратрымалі з заламанымі рукамі ў дворыку Маскоўскага РУУС. Вельмі жорстка білі ў аўтазаку па дарозе ў Жодзіна. Асудзіць не пасьпелі — амаль праз 5 дзён адпусьцілі без пратаколу і суду. Аднак у завядзеньні крымінальнай справы на байцоў «Алмазу», якія білі людзей у аўтазаку, адмовілі.

«У двары дому падскочылі два чалавекі ў чорным абмундзіраваньні, запыталіся, куды я іду, патрабавалі разблякаваць тэлефон. Я адмовіўся. Заламалі рукі, пацягнулі ў бок праспэкту ў мікрааўтобус. Людзі, якія бачылі затрыманьне, крычалі «Ганьба!», «За што?» — узгадвае сваё затрыманьне Алег.

Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі, 15 жніўня
Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі, 15 жніўня

Зь мікрааўтобуса перасадзілі ў аўтазак у «стакан», куды запхнулі трох чалавек замест аднаго. Пакаталі пару гадзін па горадзе. Прывезьлі ў Маскоўскае РУУС.

«Загналі ў дворык, зьвязалі рукі сьцяжкамі, паставілі на калені, і так мы прастаялі да 15 гадзіны 11 жніўня. Склалі пратакол — нібыта я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а таксама аказаў супраціўленьне міліцыі. Прычым у пратаколе запісана, што мяне затрымалі ў іншы час і ў іншым месцы.

Прыехалі два аўтазакі. Мяне этапаваў „Алмаз“. Самае жудаснае было, калі везьлі ў Жодзіна. Нас паклалі ў некалькі слаёў, прымушалі ісьці па людзях, якія ляжалі на падлозе. Потым паставілі на калені тварам да сьценак і зьбівалі. Калі выгружалі, таксама дубінкамі па патыліцах білі», — расказвае Алег.

У Жодзіне некаторых асудзілі. Алега не пасьпелі, бо прайшло ўжо больш за 72 гадзіны пасьля затрыманьня. У суботу, 15 жніўня, усю ягоную камэру выпусьцілі. Кажа, што калі даведаўся, як зь людзьмі абыходзіліся на Акрэсьціна, яму за некалькі драпін, гематомаў і разьбітую галаву было нават няёмка. Але адвакат настаяў, каб Алег заяву падаў і пабоі зафіксаваў.

«Я адразу напісаў заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт на дзеяньні байцоў „Алмазу“. Аднак на судмэдэкспэртызу мяне накіравалі толькі празь месяц. Я схадзіў да сьледчага, даў тлумачэньні, прадставіў дакумэнты, што знаходзіўся ў турме Жодзіна.

Мне прыходзілі лісты, што праверка ідзе, справу перадаюць з аднаго ведамства ў іншае. Ну, і ў выніку адказалі, што праведзена праверка, якая заняла цэлы том у 42 старонкі, у завядзеньні крымінальнай справы адмоўлена — недастаткова падставаў».

Алег кажа, што праблем на працы не было, у ІТ-сфэры ляяльна ставяцца да затрыманых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG