Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На знак пратэсту з БДУ звольніўся выкладчык факультэту філязофіі і сацыяльных навук


Факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ

6 лістапада на знак пратэсту супраць ціску, які адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту чыніць на студэнтаў і пэдагогаў, звольніўся старшы выкладчык факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксандар Лазоўскі, паведаміў у Тэлеграме страйкам супрацоўнікаў і студэнтаў ФФСН.

Аляксандар Лазоўскі пракамэнтаваў сваё рашэньне так:

«Па-першае, з дыялёгаў з адміністрацыяй ФФСН у мяне склалася ўстойлівае ўражаньне, што мною спрабуюць маніпуляваць намёкамі пра страту працоўнага месца і патэнцыйныя праблемы з абаронай дысэртацыі. Гэта, зразумела, маё асабістае ўражаньне (ці, напэўна, я нешта ня так пачуў?), аднак я пазбавіў адміністрацыю гэтай магчымасьці.

Па-другое, у такіх умовах, як цяпер, тэхнічна немагчыма падтрымліваць адэкватны адукацыйны працэс і рыхтаваць спэцыялістаў. Спытайце любога студэнта, што займае яго думкі, пакуль ён сядзіць на занятках, а потым наведайце маўклівага калегу-выкладчыка і паслухайце, як і пра што ён будзе гаварыць, змрочна папіваючы гарбату з вамі на кухні».

Аляксандар Лазоўскі — ужо трэці выкладчык, які пакінуў факультэт з прычыны канфліктаў з адміністрацыяй з пачатку навучальнага году.

Паводле інфармацыі на 3 лістапада, за два апошнія месяцы з БДУ адлічылі 374 студэнтаў. У камэнтары агенцтву «Минск-Новости» ўдакладнілі, што «257 зь іх адлічаныя па ўласным жаданьні, 71 — у сувязі зь непасьпяховасьцю, 13 — з прычыны неаплаты за навучаньне, 8 — за пропускі». І дадалі, што «гэтыя паказьнікі практычна не зьмяняюцца з году ў год».

«Студэнцкая думка» паведамляе, што зь беларускіх ВНУ на 3 лістапада адлічылі 138 студэнтаў, ад пачатку верасьня звольнілі 15 выкладчыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG