Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта правакацыя супраць мяне», — Станіслаў Шушкевіч паведаміў пра арышт сына ў адміністрацыйнай справе


Станіслаў Шушкевіч.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч паведаміў Свабодзе, што 5 лістапада суд у Менску пакараў ягонага сына Станіслава 10 днямі арышту за публікацыі ў Фэйсбуку:

«Што ён там напісаў, я ня ведаю, не чытаў. На яго напісаў пратакол участковы міліцыянт. Тое, што гэта правакацыя супраць мяне, я гэта так разумею. Ужо ня першы раз робяцца розныя падыходы для гэтага, пачынаюць ціснуць праз сына і дачку, якія пратэстуюць, як і ўсе нармальныя беларусы».

Сыну былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу 36 гадоў, ён займаецца бізнэсам.

«На яго шукалі зачэпкі спачатку ў бізнэсе, яго нават затрымалі людзі ў цывільным, чатыры асобы, парушаючы ўсе нормы і правілы. Хацелі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Але не знайшлі зачэпак, як паведаміў адвакат, крымінальную справу не завялі, таму завялі гэтую адміністрацыйную справу», — сказаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч кажа, што ня робіць ацэнак і прагнозаў разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі:

«Я па стане здароўя ня ўдзельнічаю ў працэсах, я не магу хадзіць нармальна бяз кія, сто мэтраў прайду, ня болей. Цяпер у мяне мала інфармацыі, няма кантактаў, якія былі заўсёды, я слухаю прагнозы іншых і маўчу. Мне падабаецца, што мы сталі нацыяй, а не падабаецца, што мы ня моцна зьядналіся. Спадзяюся на лепшае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG