Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладныя прафсаюзы пракамэнтавалі апублікаваныя прапановы для новай Канстытуцыі


Варыянт прапаноў зьменаў у Канстытуцыю, які зьявіўся ў інтэрнэце, памылкова палічылі фінальным, праца зь імі «толькі на стартавым этапе», адзначыла намесьніца старшыні праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч у камэнтары Tut.by.

«У інтэрнэт-прасторы была разьмешчана інфармацыя аб нібыта падрыхтаваных фінальных зьменах у Канстытуцыю. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Хтосьці чарговым разам спрабуе ўвесьці людзей у зман абсалютна на роўным месцы. Апублікаваная інфармацыя — рабочы варыянт прапаноў нашых юрыстаў», — пракамэнтавала дакумэнт намесьніца старшыні ФПБ.

Таксама Алена Манкевіч заявіла, што ў апублікаваным дакумэнце гаворка ідзе толькі пра 14 з 146 артыкулаў дзейнай Канстытуцыі. І закранаюцца толькі «сацыяльныя» артыкулы.

Манкевіч гаворыць, што гэта пачатковы варыянт прапановаў, які цяпер шырока абмяркоўвае прафсаюзны актыў. Ідзе працэс дапаўненьня распрацовак, асобныя пытаньні перадаюцца іншым дыялёгавым пляцоўкам. І толькі потым усю сабраную прафсаюзамі інфармацыю і прапановы па зьменах у Канстытуцыю падсумуюць і накіруюць распрацоўнікам.

28 кастрычніка ў рэдакцыю Радыё Свабода перадалі прапановы прафсаюзаў, якія могуць зьмяніць Канстытуцыю. Прафсаюзы разаслалі іх па дзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях, каб працоўныя калектывы азнаёміліся зь імі і «ўхвалілі».

Сярод плянаваных навацый у дакумэнце пералічваліся:

  • забарона на страйкі як праяву палітычнай пазыцыі,
  • страта ўсеагульных правоў на атрыманьне мэдычнай дапамогі і штогадовы аплачаны адпачынак,
  • прыярытэт міжнародных дамоваў над дзяржаўнымі,
  • новыя абмежаваньні для палітычных партыяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG