Менск заняў 90-е месца ў рэйтынгу The World's 100 Best Cities. Узначальвае сьпіс «Найлепшыя гарады для жыцьця, працы, інвэстыцыяў і наведваньня» Лёндан. Другое месца мае Нью-Ёрк, на трэцім Парыж, за ім Масква. Кіеў – на 87-м месцы.
У папярэднім рэйтынгу Менск быў на 131-й пазыцыі і ў сотню не ўваходзіў.
Менск апісваецца экспэртамі рэйтынгу як «горад камуністычнай эпохі, які ў сваім імкненьні да волі змагаецца сёньня з тыранам»: «Менск – і Беларусь – змагаюцца за сваё жыцьцё».
У апісаньні расказваецца пра пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі, фальшаваньне выбараў, задушэньне іншадумства, разгон мірных пратэстаў людзьмі ў масках – «усё гэта паказвае на працяг нестабільнасьці ў гэтым чароўным горадзе».
«Улічваючы, што Беларусь уваходзіць у 25 краін з самым адукаваным насельніцтвам, ня дзіва, што прага пераменаў узмацняецца там, дзе нельга піць ваду з-пад крана ці свабодна выказваць сваю думку», – зазначаюць экспэрты рэйтынгу.
Што да Менску як такога, то «сам горад – гэта мамэнтальны здымак гісторыі: зруйнаваны падчас Другой сусьветнай вайны, ён быў амаль цалкам адноўлены ў эпоху пасьляваеннага савецкага гарадзкога плянаваньня, і ад таго часу тут мала што зьмянілася». Тым ня менш Мірскі замак, напрыклад, заняў у падкатэгорыі «Культурныя помнікі» 62-е месца.
Пры стварэньні такога сусьветнага рэйтынгу аналізуюцца як статыстычныя дадзеныя, так і вобраз гарадоў у вачах карыстальнікаў сацсетак. У мэтодыцы вызначэньня рэйтынгу існуе катэгорыя «Прадукт» – у яе ўваходзіць інфраструктура (напрыклад, аэрапорты), славутасьці культуры. Існуе катэгорыя «Месца» (якасьць гарадзкога асяродзьдзя і бясьпека). Катэгорыя «Людзі» – колькасьць жыхароў з вышэйшай адукацыяй. Існуюць катэгорыі «эканамічны росквіт», «забавы» і г. д.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com