Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі пратэстаў у мусульманскіх краінах топчуць партрэты Макрона


Акцыя супраць Эманюэля Макрона у сталіцы Аўганістану Кабуле, 30 кастрычніка 2020 году.

Дзясяткі тысяч мусульман у шэрагу краін і тэрыторый выйшлі ў пятніцу на пратэсты, зьвязаныя з апошнімі заявамі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона аб неабходнасьці супрацьстаяць нападкам на сьвецкія каштоўнасьці дзяржавы і на свабоду выказваньня.

Паводле інфармацыі Reuters, у Пакістане тысячы дэманстрантаў рушылі ў бок францускай амбасады ў Ісламабадзе. Частка зь іх паспрабавала прарваць паліцэйскае ачапленьне. Сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ.

У Банглядэш тысячы пратэстоўцаў прайшлі маршам па цэнтры Дакі, заклікаючы да байкоту францускіх тавараў і трымаючы плякаты, на якіх Макрон названы «галоўным тэрарыстам сьвету». «Макрон першым распальвае ісламабофію», — заявіў карэспандэнту Reuters адзін з маніфэстантаў.

У Мумбаі, у Індыі, на вуліцах зьявіліся дзясяткі постэраў з адбіткам абутку на твары Макрона. Постэры наклеілі на тратуары і дарогі.

У сталіцы Лібану Бэйруце сілы бясьпекі таксама выкарысталі сьлезацечны газ, калі сотні тры пратэстоўцаў, у тым ліку прыхільнікі адной мясцовай суніцкай партыі, рушылі маршам зь мячэці ў бок рэзыдэнцыі францускага амбасадара. Яшчэ зусім нядаўна, калі пасьля магутнага выбуху ў порце Бэйруту туды з прапановай аб дапамозе прыяжджаў Макрон, з вулічнага натоўпу раздаваліся воклічы: «Прыходзьце намі кіраваць!». Лібан больш за 20 гадоў, пачынаючы з 1920 году, быў пад кіраваньнем Францускага мандату.

Тысячы палестынцаў пасьля пятнічнай малітвы ў мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме сабраліся на акцыю, каб асудзіць публікацыю ў Францыі карыкатур на прарока Мухамада. Пратэсты палестынцаў прайшлі таксама ў сэктары Газы.

У чацьвер улады Францыі павысілі да максымальнага ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне — пасьля нападу з нажом у Ніцы, у царкве Нотр-Дам. Адной з трох ахвяр, пажылой жанчыне, нападнік адрэзаў галаву. Сам ён пры затрыманьні быў паранены і шпіталізаваны. Пазьней улады паведамілі, што затрыманы — уцякач з Тунісу. Ён прыбыў у Францыю зусім нядаўна з італьянскага вострава Лямпэдуза і з дакумэнтамі ад Чырвонага Крыжа. Паводле дадзеных уладаў, падчас нападу і ў бальніцы тунісец выкрыкваў «Алаг Акбар!».

«Мы не саступім ніводнай пазыцыі», — заявіў у Ніцы Эманюэль Макрон. Раней, камэнтуючы абезгалоўліваньне ў прыгарадзе Парыжу настаўніка Самюэля Паці, які паказваў на ўроку карыкатуры на прарока Мухамада, Макрон назваў злачынства «ісламісцкім тэрактам». Ён заявіў пра падтрымку сьвецкіх каштоўнасьцяў і публікацыі малюнкаў і адзначыў, што іслам цяпер перажывае крызіс. Словы выклікалі пратэсты ў шэрагу мусульманскіх краін. Прэзыдэнт Турэччыны параіў лідэру Францыі «лячыць псыхіку».

Пасьля нападу ў Ніцы Макрон распарадзіўся ўзмацніць ахову розных аб’ектаў, уключаючы школы і цэрквы, і прыцягнуць да гэтага дадаткова тысячы вайскоўцаў. У чацьвер таксама была спроба нападу каля францускага кансуляту ў Джыдзе, у Саудаўскай Арабіі. І непадалёк ад Авіньёну, у Францыі, невядомы пагражаў зброяй паліцыянтам. Яго пры затрыманьні застрэлілі.

Паводле словаў міністра ўнутраных спраў Жэральда Дарманэна, француская дзяржава, у якой жыве найбуйнейшая ў Эўропе мусульманская грамада і якая за апошнія гады сутыкнулася з сэрыяй тэрактаў, аказалася ўцягнутая ў вайну супраць ісламісцкай ідэалёгіі, таму ў будучыні магчымыя новыя напады.

Адначасова кіраўнік францускага МЗС Жан-Іў Лё Дрыян зьвярнуўся да мусульманскіх краінаў, выступаючы ў Нацыянальным сходзе.

«Я б хацеў накіраваць пасланьне сьвету, каб сказаць, што Францыя не краіна пагарды або непрыманьня. Гэта краіна талерантнасьці», — сказаў Лё Дрыян.

Ён падкрэсьліў, што іслам і мусульманская культура — гэта частка францускай і эўрапейскай гісторыі, якую францускі народ паважае, таму ня варта «слухаць тых, хто спрабуе навязаць недавер», прыводзіць словы міністра «Францускае міжнароднае радыё».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG