Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца з каранавірусам і ці патрэбны поўны локдаўн. Разьбіраемся з экспэртамі


970 новых выпадкаў каранавірусу за суткі зафіксавалі ў Беларусі 30 кастрычніка. Гэта афіцыйная статыстыка Мінздароўя. Свабода разабралася, што цяпер адбываецца з эпідэміяй і якія меры раяць спэцыялісты.

У Беларусі працягвае расьці колькасьць хворых на каранавірус. Калі ў суседніх краінах уводзяць карантынныя захады, у Беларусі пра іх пакуль не чуваць.

На фоне росту новых выпадкаў захворваньня Свабода аднаўляе графікі па колькасьці тых, хто захварэў

Што адбываецца ў лякарнях і паліклініках

Паводле інфармацыі Свабоды, у некаторых лякарнях у Менску вельмі шмат хворых з дыягназам «каранавірус». Тых, хто пачынае лепш сябе адчуваць, адпраўляюць дадому. Многія хварэюць па дамах. Напрыклад, адзін зь лекараў Полацкага раёну расказаў Свабодзе, што ў іх у паліклініцы хварэюць доктар і мэдсястра, але ўсе астатнія працягваюць хадзіць на працу.

Пры гэтым лекары маюць зьменныя аднаразовыя халаты, маскі, дадаткова ім выдаюць экраны.

Лекары, якія працуюць на хуткай, кажуць пра «відавочную другую хвалю каранавірусу». Выклікаў да такіх пацыентаў цяпер значна больш, чым было ў мінулыя месяцы.

«Трэба інфармаваць людзей пра гігіену»

На думку экс-міністра аховы здароўя Ігара Зелянкевіча, «татальных абмежаваньняў уводзіць усё ж ня трэба», але «меры мусяць быць».

«Найперш трэба стварыць такую атмасфэру, каб з кожнага праса гучалі правілы асабістай гігіены: апрацоўка рук ды іншае. Таксама трэба адмяніць грамадзкія мерапрыемствы, калі зьбіраюцца за сталом з нагоды і без. Нам трэба таксама думаць пра вакцынацыю», — мяркуе Ігар Зелянкевіч.

Але любая вакцына пры гэтым «павінна прайсьці ўсе неабходныя дасьледаваньні», а «экспэрты павінны ацаніць якасьць гэтых вакцын».

«Трэба праводзіць дасьледаваньні на стан імунітэту грамадзянаў, каб ведаць, як і ў якім маштабе пасьля прышчэпліваць людзей. У транспарце трэба абавязкова ўвесьці нашэньне масак, на рынках і ў іншых грамадзкіх месцах», — кажа Ігар Зелянкевіч.

Таксама Ігар Зелянкевіч раіць абвясьціць вакацыі для школьнікаў.

«Яны нагоняць пасьля праграму, нам здаровыя школьнікі важнейшыя», — кажа Ігар Зелянкевіч.

У Беларусі адразу некалькі лякарняў перапрафілявалі пад хворых на каранавірус. Вядома, што на COVID-19 цяпер хварэюць жонка міністра замежных спраў Уладзімера Макея Вера Палякова, а таксама дэпутат Валер Варанецкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG