Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля акцыі салідарнасьці з Опэрнага звольнілі дырыжора, першую скрыпку аркестру, скрыпачку і альтыстку


«Беларускі фонд культурнай салідарнасьці» паведамляе пра звальненьне 4 супрацоўнікаў Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі.

Паводле інфармацыі фонду, з Опэрнага тэатру звольнілі дырыжора тэатру, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і ўладальніка мэдаля Францішка Скарыны Андрэя Галанава і першую скрыпку аркестру Рэгіну Саркісаву. Раней яны падпісалі зварот культурных дзеячоў з нагоды ўльтыматуму.

Таксама звольнілі скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну, якія ўчора перад пачаткам спэктакля выказаліся супраць гвалту і беззаконьня ў Беларусі.

Паводле апошняй інфармацыі, у сьпіс на звальненьне разам з дырыжорам Андрэем Галанавым таксама ўключаны вядучы саліст Вялікага тэатру Беларусі, ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў Ільля Сільчукоў.

27 кастрычніка ў Опэрным тэатры прайшла незвычайная акцыя салідарнасьці: пасьля трэцяга званка, перад пачаткам спэктакля, калі ў залі згасла сьвятло, аркестар тэатру ўстаў і пачаў гаварыць:

«У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконьне і несправядлівасьць, мы ня можам маўчаць. Мы не разумеем, як мы можам граць, сьпяваць, танцаваць, калі ў гэты час нашых знаёмых, блізкіх зьбіваюць, затрымліваюць і страляюць...»

Нехта ў залі сказаў «Устаньце, людзі, устаньце!», заля выбухнула аплядысмэнтамі і пачала скандаваць «Жыве Беларусь!», а гледачы, у ліку якіх былі і прафэсіяналы, засьпявалі «Магутны Божа».

28 кастрычніка Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі паведаміў пра адмену ўсіх спэктакляў і канцэртаў у малой залі з 29 кастрычніка па 20 лістапада «ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG