Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова пачалі звальняць страйкоўцаў


Менскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова

Зваршчык заводу імя Казлова Аляксандар Шымановіч раніцай 28 кастрычніка аднёс у адміністрацыю прадпрыемства паведамленьне аб далучэньні да агульнанацыянальнага страйку. Пасьля абеду ён ужо атрымаў смс-паведамленьне аб пералічэньні яму заробку ў сувязі са звальненьнем.

«Ані званка, ані іншага паведамленьня не было, але дакладна пазначана, што ўжо звольнены і пералічаныя заробленыя грошы. Між тым сама меней у мяне мусілі ўзяць тлумачэньні, перад тым як падпісаць загад аб звальненьні. Хутка спрацавалі. Відаць, сьпяшаюцца адрапартаваць, што выконваюць загад Лукашэнкі пра звальненьні страйкоўцаў», — сказаў Аляксандар Шымановіч Свабодзе.

Працаўнік лічыць, што звольнілі яго незаконна, бо ён меў права на страйк з палітычнымі патрабаваньнямі, што гарантавана Канстытуцыяй, і папярэдзіў пра гэта адміністрацыю.

«Не шкадую. Уступіў у Свабодны прафсаюз мэталістаў, спадзяюся на іх юрыдычную падтрымку, буду абскарджваць звальненьне. Яшчэ пазмагаемся», — сказаў Аляксандар Шымановіч.

Паводле крыніц, на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова 26 і 17 кастрычніка не працавалі рабочыя 6-га і 16-га цэхаў, а таксама філіі ў Калядзічах. Усяго ў рознай форме страйк падтрымалі да 70% працаўнікоў заводу. Колькі чалавек цяпер працягваюць страйк, Аляксандар Шымановіч ня ведае.

«Чалавек, зь якім мог закантачыць, чамусьці не на сувязі. Не выключаю, што мяне не аднаго звольнілі. Нічога. Можа, Лукашэнка сам паспрабуе папрацаваць на нашых месцах? Паглядзім, як гэта ў яго атрымаецца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG