Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк на «Гродна Азот». Яшчэ адна зьмена не прыступае да працы


Другі дзень страйку на «Гродна Азот», 27 кастрычніка 2020 году.
Другі дзень страйку на «Гродна Азот», 27 кастрычніка 2020 году.

На новай прахадной «Гродна Азот» зноў сабралося каля 50-60 чалавек. Сёньняшняя ранішняя зьмена цэху «Аміяку-3» адмаўляецца прыступаць да працы.

У цэху працуюць людзі, якія заступілі на працу а 20-й гадзіне 25 кастрычніка, ужо 36 гадзін запар. Пасьля іх тры зьмены бастуюць. «Аміяк-3» — адзін з ключавых цэхаў прадпрыемства.

Калі рабочыя кажуць пра спыненьне прадпрыемства, яны маюць на ўвазе менавіта самыя значныя цэхі «Аміяк-3» і «Карбамід-4», а таксама «Аміяк-4» і «Карбамід-3». Яны зьвязаныя па парах: калі спыняецца аміячны цэх, вымушаны спыніцца і карбамідны.

Па словах аднаго ў работнікаў прадпрыемства, толькі «Аміяк-3» прыносіць штомесячны прыбытак мінімум 1 мільён эўра.

Яшчэ два значныя цэхі, «Аміяк-4» і «Карбамід-3», пакуль не страйкуюць.

Страйкоўцаў «Азоту» кіраўніцтва пачало забіраць паасобку на гутаркі. Учора генэральны дырэктар Ігар Бабыр, па словах работнікаў, пагражаў звольніць усіх работнікаў, якія засталіся на прахадной. Тыя маюць намер «стаяць да канца».

Страйк на «Гродна Азот» 26 кастрычніка 2020 году.
Страйк на «Гродна Азот» 26 кастрычніка 2020 году.

Рэакцыя «Белнафтахіма» на страйк

ААТ «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналягічныя працэсы ў норме, паведаміў 27 кастрычніка прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка, перадае БЕЛТА.

«Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме. Новыя змены прыбылі на працу. Усе тэхпрацэсы ў норме«, — паведаміў Аляксандр Цішчанка.

Ён заявіў, што інфармацыя ў Telegram-каналах аб прыпынку печаў на прадпрыемстве зьяўляецца правакацыяй.

Паводле прэс-сакратара «Белнафтахіма», астатнія прадпрыемствы канцэрна таксама працуюць у штатным рэжыме.

Як пачынаўся страйк

26 кастрычніка раніцай на «Гродна Азот» пачаўся страйк. Каля ста чалавек сабраліся на прахадной, яны адмовіліся ісьці на зьмену.

Да заводу пад’ехалі 5 міліцэйскіх машын і два аўтобусы. Па словах лідэра страйкаму Юрыя Рававога, на «Гродна Азот» затрымалі прыкладна 5–10 чалавек, астатнія зьехалі дадому, сышлі ў іншыя месцы або зайшлі на тэрыторыю заводу.

Два цэхі «Гродна Азот» не прынялі зьмену: «Аміяк-3» і зьвязаны зь ім «Карбамід-4». Да рабочых прыехалі генэральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынэр Сяргей Сілівонік, угаворвалі пачаць працу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG