Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пасьля пуску БелАЭС спыніць у лістападзе закупы электраэнэргіі зь Беларусі


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Літва ня будзе купляць электраэнэргію зь Беларусі пасьля энэргетычнага пуску Беларускай АЭС, якая знаходзіцца каля літоўскай мяжы і за 50 кілямэтраў ад Вільні. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара кампаніі — апэратара электрасетак Літвы Litgrid Відмантас Грушас.

«Мы атрымалі паведамленьне беларускага боку пра ўключэньне станцыі ў электраэнэргетычную сетку, якое заплянаванае ў пэрыяд ад 1 да 10 лістапада», — заявіў ён. Адначасова з гэтым, паводле Грушаса, пропуск электраэнэргіі зь Беларусі празь літоўскія сеткі стане роўным нулю.

«Мы загадзя паведамілі пра гэта ўдзельнікам энэргетычнага рынку», — сказаў ён.

Як раней адзначала ведамства, ліцэнзіі на імпарт электраэнэргіі зь Беларусі будуць скасаваныя.

Літва сьцьвярджае, што праект БелАЭС ажыцьцяўляўся з парушэньнямі міжнародных патрабаваньняў у сфэры ядзернай энэргетыкі. Парлямэнт Літвы абвясьціў станцыю пагрозай нацыянальнай бясьпецы, а таксама заканадаўча забараніў куплю і экспартны пропуск яе электраэнэргіі праз свае электрасеткі.

Фізычны запуск станцыі — загрузка ядзернага паліва ў першы рэактар — пачаўся на БелАЭС 7 жніўня. У сувязі з гэтым МЗС Літвы накіраваў Менску ноту пратэсту, у якой сьцьвярджалася, што дзеяньні Беларусі парушаюць прынцыпы адкрытасьці, празрыстасьці і добрасуседзтва, а дзейнасьць АЭС з прычыны блізкасьці да Вільні і нявырашаных праблем ядзернай бясьпекі стварае непасрэдную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы, навакольнага асяродзьдзя і насельніцтва.

У Беларусі заяўляюць, што прэтэнзіі Вільні ляжаць у палітычнай плашчыні. У Менску неаднойчы заяўлялі, што бясьпека станцыі будзе гарантаваная ў адпаведнасьці з самымі высокімі стандартамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG