Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чылійцы на рэфэрэндуме вырашылі замяніць прынятую пры Піначэту канстытуцыю


Прыхільнікі зьмены Канстытуцыі ў Чылі радуюцца пасьля агучваньня вынікаў рэфэрэндуму, 25 кастрычніка 2020

У Чылі на рэфэрэндуме 25 кастрычніка грамадзяне выказаліся за тое, каб замяніць Канстытуцыю, прынятую яшчэ ў эпоху кіраваньня генэрала Аўгуста Піначэта, новым Асноўным Законам. За адмову ад дзейнай Канстытуцыі прагаласавалі 78 адсоткаў выбарнікаў.

Прэзыдэнт Чылі Сэбаст’ян Піньера, які прадстаўляе правыя сілы, пагадзіўся правесьці рэфэрэндум аб Канстытуцыі пасьля масавых пратэстаў, якія ахапілі краіну летась. Галоўнай тэмай пратэстаў быў рост эканамічнай няроўнасьці ў Чылі, які многія іх удзельнікі лічаць спадчынай эпохі Піначэта.

Генэрал узначаліў вайсковую хунту пасьля перавароту 1973 году, калі быў скінуты левы прэзыдэнт Сальвадор Альендэ. У гады яе кіраваньня ў краіне былі праведзеныя рынкавыя рэформы і маштабная прыватызацыя. Удзельнікі пратэстаў лічаць, што ў Канстытуцыі — якая была прынятая ўжо ў канцы эпохі Піначэта і ўтрымлівае дэмакратычныя нормы — няма дастатковых сацыяльных гарантый, у прыватнасьці ў сфэры адукацыі і аховы здароўя.

Новую Канстытуцыю павінен распрацаваць канстытуцыйны сход, які будзе абраны ўсенародным галасаваньнем у красавіку наступнага году. Тэкст будзе вынесены на новы рэфэрэндум.

У 1988 годзе, таксама на рэфэрэндуме, чылійцы адмовіліся працягнуць тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Піначэта. Гэты рэфэрэндум часта прыводзіцца як прыклад аб’яднаньня ідэалягічна розных палітычных сіл дзеля барацьбы за дэмакратыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG