Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі Луцкі прыйшоў на суд па скарзе Tut.by на папярэджаньні. Суд адклалі да 12 лістапада

абноўлена
Міністар інфармацыі Ігар Луцкі.
Міністар інфармацыі Ігар Луцкі.

У Вярхоўным судзе праходзіць папярэдняе пасяджэньне па скарзе Tut.by на папярэджаньні Міністэрства інфармацыі. У верасьні ведамства падало пазоў аб пазбаўленьні парталу статусу СМІ, прыпыніўшы гэты статус на тры месяцы — да 30 сьнежня.

Страціць статус СМІ можна пасьля вынясеньня двух і больш пісьмовых папярэджаньняў цягам году. Пачынаючы ад 7 жніўня Tut.by атрымаў чатыры папярэджаньні. Рэдакцыя абскарджвае іх у Вярхоўным судзе, таму Эканамічны суд пакуль прыпыніў разгляд пазову Мінінфарму аб пазбаўленьні Tut.by статусу СМІ. Справу разглядае судзьдзя Ала Крывіцкая. Ад Мінінфарму прысутнічае міністар Ігар Луцкі.

«На нашу думку, папярэджаньні зьяўляюцца незаконнымі і падлягаюць адмене, — перакананы адвакат Сяргей Зікрацкі. — Ва ўказаных матэрыялах не было недакладнай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

Судзьдзя прапанавала выказацца міністру інфармацыі. Ён адзначыў, што права выносіць папярэджаньні прадугледжанае арт. 49 «Закону аб СМІ».

«Усе папярэджаньні былі абгрунтаваныя і з поўнай кампэтэнцыяй. Вынесеныя ва ўстаноўленым законам парадку за недакладную інфармацыю. Нас у прынцыпе задавальняе сытуацыя, калі ўсе справы аб’яднаныя ў адну. Гэта яшчэ раз кажа пра сыстэмнасьць правапарушэньняў, якія робіць партал у сфэры СМІ. Удзельнікі гэтай справы — дзяржорганы. Мы бачым сплянаваную атаку на дзейную сыстэму ўлады. Таму свае патрабаваньні лічым правільнымі».

Вярхоўны суд разгледзеў скаргу Tut.by на папярэджаньне Міністэрства інфармацыі і прызначыў асноўны судовы разбор на 12 лістапада.

На гэты момант Tut.by працягвае працаваць як інтэрнэт-рэсурс. Гэта дазваляе зьбіраць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам у адпаведнасьці з заканадаўствам.

Партал быў зарэгістраваны як СМІ толькі летась, да гэтага часу цягам амаль 20 гадоў такога статусу ня меў.

XS
SM
MD
LG