Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцам вядомыя прозьвішчы амаль 350 затрыманых у першы дзень страйку

абноўлена

Затрыманьні ў Менску ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку нацыянальнага страйку. 26 кастрычніка 2020 году.
Затрыманьні ў Менску ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку нацыянальнага страйку. 26 кастрычніка 2020 году.

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Аляксандра Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Працаўнікі шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных прадпрыемстваў і навучальных установаў ад раніцы распачалі пратэсты, мітынгі, на прадпрыемствах і ў ВНУ заяўляюць пра страйкі.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», па стане на раніцу 27 кастрычніка вядома амаль пра 350 затрыманых у Менску, Барысаве, Горадні, Магілёве, Наваполацку.

Сярод затрыманых — генэральны дырэктар Onliner Ільля Жукавец і распрацоўшчык Аляксандар Махораў, паведаміў рэдактар сайту Мікалай Казловіч. Затрымалі таксама паэта Эдуарда Акуліна, паведамляе «Вясна».

Прыкладна 100 чалавек сабраліся на прахадной хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот». Работнікі адмовіліся ісьці на зьмену. Адміністрацыя выклікала міліцыю, страйкоўцаў пачалі затрымліваць.

Паводле сьведак, з 18-й гімназіі на вуліцы Калініна сілавікі вывелі некалькі чалавек, падобна, старшаклясьнікаў.

Таксама невядомыя ў балаклавах напалі на калёну студэнтаў каля аднаго з карпусоў БНТУ. У раёне станцыі мэтро «Пушкінская» амапаўцы б’юць вокны аўтамабіляў, кіроўцы якіх сыгналяць у знак салідарнасьці з пратэстоўцамі.

Ёсьць зьвесткі, што каля будынку «Белгазпрамбанку» на вуліцы Прытыцкага ў Менску затрымалі ня менш як трох чалавек, якія спрабавалі перакрыць аўтамабільны рух.

Менчукі расказваюць пра жорсткія затрыманьні ўдзельнікаў «ланцуга салідарнасьці» на плошчы Перамогі, а таксама на вуліцы Кальварыйскай.

Увечары 26 кастрычніка ў цэнтры Менску адбыліся акцыі ў падтрымку страйку, якія разагналі, а дзясяткі іх удзельнікаў затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG