Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе факты былі перакручаныя». Два чалавекі ўжо адседзелі «суткі», а суд іх адмяніў


Менскі гарадзкі суд адмяніў прынамсі дзьве пастановы раённых судоў, па якіх людзі ўжо адседзелі суткі ў ІЧУ.

Заснавальніка праектаў Petitions.by і «Кошт ураду» Ўладзімера Кавалкіна вызвалілі з турмы ў Баранавічах, калі ён адседзеў ужо 12 сутак з 15-ці. Пра рашэньне суду ён даведаўся ад адваката, калі быў ужо на волі.

«Мяне выцягнуў з-за кратаў адвакат Сяргей Зікрацкі. Ён падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд, які адмяніў рашэньне Фрунзэнскага суду і накіраваў справу на разгляд новаму судзьдзі. Новы суд прызначаны на аўторак».

Уладзімер Кавалкін кажа, што ў той час, калі яго затрымалі, не адбывалася ніякіх масавых мерапрыемстваў.

«То бок па артыкуле 23.34 я павінен быў удзельнічаць у масавым мерапрыемстве, а масавага мерапрыемства не было наогул. Гэта і ёсьць праўда. Мяне ўзялі не на масавай акцыі, а калі я вяртаўся дадому з курсаў польскай мовы».

Уладзімера затрымалі 10 кастрычніка ў Менску на скрыжаваньні вуліц Нёманскай і Лідзкай (раён Каменная Горка), дзе стаялі дзьве калёны транспарту з амапаўцамі. Калі Ўладзімер спыніўся, каб напісаць на тэлефоне паведамленьне, што вяртаецца дадому, да яго пад’ехала машына зь невядомымі ў скураных куртках. Тыя папрасілі паказаць, што ў заплечніку. Калі правяралі заплечнік, падʼехаў сіні аўтобус.

«Пяцёра „алівак“ мяне запхнулі ў аўтобус, паставілі на калені тварам у падлогу, нешта здымалі на відэа, патрабавалі разблякаваць тэлефон. Я не супраціўляўся. Пакуль мы ехалі да аўтазака, яны глядзелі мой тэлефон, здымалі мяне на відэа і потым закінулі ў шэры аўтазак. Гэта было а 14 гадзіне. У аўтазаку я быў адзін цягам 4 гадзін».

Потым Ўладзімера Кавалкіна завезьлі ў Фрунзэнскі РУУС, а адтуль у ІЧУ на Акрэсьціна. Фрунзэнскі суд пакараў яго арыштам на 15 сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве, нібыта ён крычаў «Жыве Беларусь!». Сьведка-міліцыянт таксама сьцьвярджаў, што ён затрымаў Уладзімера а 18-й гадзіне на вуліцы Кальварыйскай.

«Гэты чалавек насамрэч не зьяўляецца сьведкам, бо ілгаў у судзе. Ён нават ня быў на працэсе, даў нейкія пісьмовыя паказаньні. 10 кастрычніка ў Менску не было масавых мерапрыемстваў, тым больш у раёне Каменнай Горкі. Таму гэта проста міліцэйскае свавольства, і трэба яшчэ разабрацца, хто парушальнік: грамадзянін ці міліцыянт? Я быў бы шчасьлівы, калі б супраць таго міліцыянта, які ілгаў у судзе, была пачата справа за заведама ілжывыя паказаньні».

Паводле Ўладзімера, Фрунзэнскі суд ні ў чым не разьбіраўся, а ўсім затрыманым даваў па 15 сутак. Уладзімера Кавалкіна этапавалі з ІЧУ на Акрэсьціна ў Баранавічы.

«Супрацоўнікі паводзілі сябе з намі як з крымінальнымі злачынцамі», — кажа Ўладзімер.

«Усе факты былі перакручаныя»

21 кастрычніка Менскі гарадзкі суд скасаваў пастанову суду Маскоўскага раёну супраць актывісткі Галіны Лагацкай і накіраваў яе справу на разгляд іншага судзьдзі. Галіна Лагацкая адбыла 7 сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ на Акрэсьціна за ўдзел у пікеце 14 верасьня каля Чырвонага касьцёла. Жанчына не прызнала віны, а выйшаўшы з турмы, аспрэчыла пастанову ў Менскім гарадзкім судзе.

Яна сказала Свабодзе, што 14 верасьня ля Чырвонага касьцёла праходзіў пікет пратэстоўцаў, а яна там зьбірала подпісы пад лістом у Белтэлерадыёкампанію. Калі Галіна ўбачыла, як міліцыянты затрымліваюць дзяўчат, то спрабавала ім давесьці, што дзяўчаты не парушалі закону.

«І мяне таксама прыхапілі. Але судзілі потым нават без апытаньня сьведак, усе факты былі перакручаныя. Ёсьць відэа, якое пацьвярджае мае словы, таму, спадзяюся, і на новым працэсе дамагуся праўды», — сказала пасьля працэсу ў гарадзкім судзе Галіна Лагацкая.

«Можна будзе патрабаваць кампэнсацыі»

Адвакат Сяргей Зікрацкі кажа, што ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні і затрыманьні Ўладзімера Кавалкіна было многа недакладнасьцяў.

«Пачынаючы з таго, што месца правядзеньня масавага мерапрыемства, ва ўдзеле ў якім абвінавачваўся Кавалкін, не супадала зь месцам і часам яго затрыманьня. Мы патрабавалі, каб выклікалі сьведак, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія яго нібыта затрымлівалі, у суд не зьявіліся. Таму суд першай інстанцыі фактычна выносіў пастанову толькі на падставе матэрыялаў, якія былі ў справе, пратаколаў апытаньня гэтых дзьвюх асобаў. Мы хацелі, каб гэтую справу спынілі, бо доказаў няма. Але суд вынес пастанову і даў 15 сутак, — сказаў Сяргей Зікрацкі.

Паводле адваката, гарадзкі суд пагадзіўся з довадамі абароны пра тое, што акалічнасьці справы не былі высьветленыя і доказаў недастаткова.

«Таму пастанову суду адмянілі, але справу зноў накіравалі на разгляд у суд першай інстанцыі іншаму судзьдзі, — кажа адвакат. — І таму цяпер гэтая справа зноў будзе пераглядацца Фрунзэнскім судом, які мае вынесьці новае рашэньне».

Паводле Сяргея Зікрацкага, тое, што асоба адбыла пакараньне, яшчэ не азначае, што суд другой інстанцыі ня мусіць адмяняць няправільнае рашэньне.

«Калі суд другой інстанцыі бачыць, што пастанова суду была вынесеная незаконна, ён гэтую пастанову адмяняе, — тлумачыць адвакат. — Калі будзе прызнана, што гэтая пастанова першапачаткова выносілася незаконна, то тады можна патрабаваць нейкай кампэнсацыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG